Саветы такога кшталту дапамагаюць дэманстраваць разнастайнасць культурнага развіцця рэспублік СНД. Па выніках пасяджэнняў рэалізуюцца сумесныя культурныя праекты.
Распачаў пасяджэнне прамовай пра дзяржаўную палітыку ў сферы культуры ў Рэспубліцы Беларусь наш міністр Анатолій Маркевіч. Ён зазначыў, што культура — гэта багацце дзяржавы, маральны стрыжань, які аб’ядноўвае нацыю.
“У Беларусі пастаянна ўдасканальваецца работа па развіцці і ўмацаванні беларускіх ўстаноў адукацыі сферы культуры. Яна тычыцца як дзіцячых школ мастацтваў, так і ВНУ, — распавёў Анатолій Маркевіч. — Як правіла, навучэнцы гэтых устаноў з’яўляюцца членамі творчых калектываў, рэгулярна ўдзельнічаюць у канцэртах. З фонду Прэзідэнта Беларусі ўзнагароджваюцца самыя лепшыя дзеячы і праекты. За больш чым 25 гадоў уручана 6000 тысяч заахвочванняў, Гран-пры прысуджалася 479 разоў. Выпускнікі беларускіх ВНУ, уключаныя ў банк дадзеных таленавітай моладзі, маюць права на першачарговае размеркаванне, маладыя спецыялісты — на стымулюючыя выплаты. У краіне рэалізуюцца нацыянальныя і міжнародныя конкурсы. Сярод іх — Рэспубліканскі тэлевізійны конкурс “Талент краіны”, радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”.
Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фестывальнага руху — “Славянскі базар у Віцебску”. Гэты прызнаны культурны брэнд, па словах міністра, верны сваёй місіі наладжваць дыялог і “будаваць масты” паміж краінамі. Іншыя знаёмыя беларускія брэнды — свята Купалля, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. У бліжэйшы час у Мінску пройдзе Фестываль харавых спеваў і Міжнародны конкурс піяністаў. Увага надаецца правядзенню ўрачыстасцей на нацыянальныя святы і ў памятныя даты.
Анатолій Маркевіч таксама адзначыў, што ў Беларусі адноўлена вытворчасць музычных інструментаў, у прыватнасці фартэпіяна і многіх іншых. На самым высокім узроўні заахвочваецца народная творчасць.
Беларусь далучылася і да канвенцыі ЮНЕСКА 2005 года “Аб ахове і заахвочванні формаў культурнага самавыяўлення” і прытрымліваецца яе асноўных прынцыпаў. Правядзенне ў краіне Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе вось ужо ў 13 раз, красамоўна тое пацвярджае.
Апошнім часам у Беларусі мноства аб’ектаў і нематэрыяльнай спадчыны ўносяцца ў культурны фонд ЮНЕСКА. У 2020 годзе адным з гэтых элементаў стала культура ляснога бортніцтва.
За апошнія 5 гадоў адрэстаўраваны больш за 700 помнікаў архітэктуры, сярод найбольш значных — Лідскі, Гальшанскі, Крэўскі замкі.
Актыўна развіваецца нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. За апошнія 5 гадоў з удзелам партнёраў знята больш за 500 фільмаў разнастайных жанраў, за кошт нацыянальнага бюджэту — 150 з іх. Пачынаючы з 1993 года пры падтрымцы дзяржавы праходзіць Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. За тыдзень у яго рамках адбываецца больш за 200 кінасеансаў.
Па словах міністра, робіцца ўсё магчымае для правядзення “Дзён культуры” на самым высокім узроўні. За 5 гадоў “Дні беларускай культуры” прайшлі ў 12 краінах, у бягучым годзе яны пройдуць у Казахстане, Расіі. У Беларусі сёлета пройдуць “Дні культуры Рэспублікі Таджыкістан”.
Пасля прамовы міністра культуры Рэспублікі Беларусь заслухоўваліся іншыя міністры дзяржаў СНД па анлайн-сувязі, а таксама слова бралі і прысутныя ў зале пасяджэнняў, сярод якіх былі статс-сакратар Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі Кыргызскай Рэспублікі Бактыбек Секімаў, дырэктар Міжнароднага Дэльфійскага камітэта Уладзімір Панявін, дырэктар федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай навукова-даследчай установы “Расійскі навукова-даследчы інстытут культурнай і прыроднай спадчыны імя Дз.С.Ліхачова” Уладзімір Арыстархаў.
Паміж іншага, падчас пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД абмяркоўвалася 17 пытанняў, па якіх былі прыняты праекты рашэнняў.
У заключэнні пасяджэння міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч прапанаваў перадаць старшынства ў Савеце па культурным супрацоўніцтве СНД на наступны год Рэспубліцы Казахстан. Пасля ўсім, хто меў дачыненне да работы Савета, была прапанавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы і вячэрняя праграма ў Вялікім тэатры.