Прымаў Дзень беларускага пісьменства горад Капыль. Асноўныя імпрэзы адбыліся ў нядзелю 5 верасня. Але фактычна свята распачалося яшчэ раней і сімвалічна супала з пачаткам навучальнага года, з Днём ведаў. У першы дзень восені ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы адбылося набажэнства, у часе якога ўдзельнікі XXVIII Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, прымеркаванай да Дня беларускага пісьменства, атрымалі блаславенне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Пасля чаго паломнікі, іх было каля паўсотні — святары, людзі культуры, навукі і мастацтва, — адправіліся ў дарогу з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. Прайшла экспедыцыя праз 72 паселішчы, маючы канчатковым пунктам Капыль.
Напярэдадні ў сталіцы адбыўся міжнародны круглы стол “Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора”. З прычыны ковіду імпрэза сумяшчала інтэрактыўны і вочны фармат. Разам з беларускімі літаратарамі ў дыскусіі бралі ўдзел прадстаўнікі Украіны, Расіі, Нямеччыны, Казахстана, Узбекістана, Балгарыі, Азербайджана. А 4 і 5 верасня свята перайшло і ў Капыль.
Той, хто быў хоць на адным Дні пісьменства, лёгка ўявіць сабе, як святкаваў Капыль. Рэжысура свята склалася даўно, і тое, што адбываецца штогод у розных гарадах, адрозніваецца хіба нейкімі дэталямі. Абавязкова на плошчы ладзіцца сцэна і глядзельная зала пад адкрытым небам. Побач — экспазіцыі беларускай прэсы і кнігадруку, дзіцячай творчасці і народнага мастацтва. Са сваімі выставамі на свята прыязджаюць сталічныя музеі. Заўжды ладзіцца кірмаш, дзе можна набыць і рэчы як сувенірнага характару, так і прыдатныя ў побыце. Кульмінацыя свята — канцэрт сіламі мясцовых артыстаў і сталічнага творчага дэсанту.
Свята пісьменства — гэта магчымасць папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры. На прасторы свята былі вылучаныя лакацыі, дзе пісьменнікі, стоячы ля мікрафона, распавядалі пра свае кнігі. Не скажу, што было шмат цікаўных іх паслухаць. Крыўдна было за майстроў слова. Размова пра літаратуру ва ўмовах кірмашовага тлуму не можа быць плённай, не атрымаецца сумоўя пісьменніка і чытача. Сумоўе патрабуе камернай прасторы і, зрэшты, спецыяльна падрыхтаванай і адпаведна настроенай аўдыторыі.
Мае бацькі былі літаратарамі, і я памятаю за савецкім часам іхнія і іхніх калег развагі пра тое, што бюро прапаганды літаратуры пры тагачасным Саюзе пісьменнікаў робіць нібыта добрую справу, ствараючы магчымасць для літаратараў зарабіць сякую-такую капейчыну праз выступленні ў рабочых калектывах і вайсковых частках. Але адзначалі, што ездзяць на тыя выступленні збольшага асобы далёка не першага шэрагу, а якраз тыя, у каго кепска разыходзяцца наклады. І яшчэ казалі, што ні Аляксандр Сяргеевіч, ні Леў Мікалаевіч, ні Фёдар Міхайлавіч “у народ” не хадзілі. Патрэбы такой не мелі. Сам народ да іх цягнуўся.
Персанажы ў гістарычных касцюмах — звыклы атрыбут такіх свят. Тут пабачыш паненак і кавалераў у шляхецкіх строях, чыё аблічча вяртае нас у часы Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай, а таксама чырвонаармейцаў — воінаў Вялікай Айчыннай.
На леташнім Дні пісьменства ў Бялынічах агульнае замілаванне выклікалі дзве дзяўчынкі, апранутыя анёлкамі. Дык вось за год анёлкі нібыта падраслі, і ў Капылі грамаду віталі ўжо дарослыя анёлы. І зноў было шмат жадаючых сфатаграфавацца з нябеснымі істотамі. Былі яшчэ “жывыя скульптуры” — новы элемент святочнай праграмы. Стаіць такая скульптура, фарбаваная пад бронзу, нерухома, як помнік ці салдат ля маўзалея, а праходзіш паўз яе — усміхаецца і вітае як сябра. Нібыта менавіта цябе чакала. На ранейшых Днях я такога не бачыў.
Кульмінацыя свята — канцэрт, зроблены сіламі мясцовых артыстаў і сталічнага творчага дэсанту.
Святы пісьменства ладзяцца паводле ўсталяванай рэжысуры пры наяўнасці ідэалагічнага чынніка, звязанага з той ці іншай значнай для дзяржавы падзеі. Гэтым разам быў акцэнт на 17 верасня. А рысы ўнікальнасці кожнаму Дню пісьменства надае тая акалічнасць, што ў дні свята гарады ўпрыгожваюцца новымі помнікамі ці манументальна-дэкаратыўнымі кампазіцыямі, у якіх увасабляюцца мясцовая гісторыя і мясцовыя традыцыі. Таму помнік, які ўсталявалі Змітру Жылуновічу, толькі падкрэслівае добрыя традыцыі. Пісьменнік тут малады хлопец-рамеснік, які яшчэ толькі будзе класікам нацыянальнай літаратуры і трагічным героем нацыянальнай гісторыі Цішкам Гартным. Гэта адзін з двух творчых праектаў, рэалізаваных у горадзе з нагоды свята Беларускім саюзам мастакоў. Другі праект я назваў бы вельмі цікавым па задуме, але выкананым ва ўмовах экстрыму. Каб было больш часу і сродкаў, атрымаўся бы, магчыма, унікальны ва ўсіх адносінах мастацкі твор, а так маем проста якасна зроблена аб’ект, што рэальна ўпрыгожыў Капыль. Я кажу пра Алею пісьменнікаў Капыльшчыны ў гарадскім парку. Як распавядаў аўтар праекта старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, замоўшчыкам Алея бачылася шэрагам гранітных памятных знакаў з імёнамі знакамітых землякоў. Нібыта і не кепска, але нагадвала б могілкі. Саюз мастакоў прапанаваў альтэрнатыву — літары беларускага алфавіту. А пры кожнай літары — шыльдачка з імёнамі літаратараў, чые прозвішчы пачынаюцца на гэтую літару. Паколькі ўзгадненне ідэі ішло не так хутка, як хацелася б, уласна на выкананне засталося няшмат часу. Таму ад намеру зрабіць кожную літару як скульптуру, ды яшчэ каб кожная мела непадобную да іншых пластыку, давялося адмовіцца. Быў абраны адзіны для ўсіх шрыфт з шэрагу класічных, і паставілі літары на аднолькавыя пастаменты. Усё адно атрымалася прыгожа, бо літары сусветна значных алфавітаў — гэта ўжо шэдэўры графікі. За кожнай з іх доўгая гісторыя эвалюцыі.
Спадар Глеб разглядае рэалізаваны праект як пілотны. Ужо сёння ён думае пра тое, як аздобіць скульптурамі ў выглядзе літар прастору вакол Нацыянальнай бібліятэкі — зрабіць у Мінску тое, на што падштурхнуў Капыль. Зразумела, гэта будзе іншы маштаб, іншая пластыка, іншыя матэрыялы. Шэраг вядомых нашых мастакоў гатовыя хоць зараз заняцца гэтым праектам.
Калі беларусы — народ Кнігі, дык Капыль сёння — горад Літары. Гэтым ён і застанецца ў гісторыі Дзён пісьменства.
P.S.
Дні пісьменства ладзяцца ў нас штогод, і геаграфія іх пашыраецца. Цудоўна. Але пры гэтым сфера ўжывання беларускай мовы ў нашай краіне апошнім часам звузілася і працягвае драбнець. Гэта кепска. Маю прапанову: на заканчэнні кожнага Дня пісьменства агучваць планы на наступны год па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў культурніцкай прасторы і сацыяльных практыках.
І каб праз год справаздачу зрабіць.
Мінск — Капыль — Мінск