Рэалізм “без берагоў”?
Я перакананы, што гэты чалавек быў асобай унікальнай. Бліскучы жывапісец, камунікабельны чалавек, выдатны педагог, з-пад крыла якога выйшла некалькі пакаленняў мастакоў; суразмоўца, з кім можна было гаварыць бясконца, сумленны і прынцыповы, што датычыцца яго маральнага стрыжня ды грамадства ў цэлым.
З 87 пражытых гадоў больш за шесцьдзясят ён працаваў у мастацтве. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — народны мастак краіны, прафесар Май Данцыг, выстава твораў якога толькі што прайшла ў Нацыянальным мастацкім музее. Па вялікім рахунку, яна павінна была паўстаць перад гледачамі яшчэ год таму — у год яго 90-годдзя з дня нараджэння, але па розных прычынах тады штосьці не атрымалася, і вось зараз — яе ўбачылі мінчане і госці сталіцы. У экспазіцыі экспанавалася больш за 50 вядомых музейных твораў і менш вядомых — са збору сям’і мастака. Гэта фігуратыўныя палотны, пейзажы пасляваеннага і новага Мінска, моцныя партрэты дзеячаў культуры, эцюды, малюнкі, створаныя мастаком у 1950 — 2000 гады. Дадам, экспазіцыя ўвабрала ў сябе прыкладна толькі дзясятую частку ўсёй спадчыны Данцыга. Як вядома, самая вялікая яго юбілейная выстава адбылася ў 2015 годзе, на якой было прадстаўлена амаль 250 твораў! І столькі ж (па колькасці) заставалася тады ў яго майстэрні.