Фелікс Гумен, які сваё 75-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе творчай дзейнасці нядаўна азначыў буйной выставай пад назвай “Берагі” у Віцебскім мастацкім музеі, — з’ява ўнікальная. У трох залах размясціліся і новыя творы апошніх гадоў, і работы з фондаў установы, і партрэтная галерэя людзей, якіх аўтар асабліва цаніў і паважаў. А каб паспрабаваць сабраць у адно месца ўсе творы, якія Фелікс Фёдаравіч у розныя часы падараваў музеям, галерэям, бібліятэкам, сябрам, прыватным калекцыянерам, і якія знаходзяцца на стэлажах у ягонай майстэрні, дык іх аказалася б больш як дзесяць тысяч! Праўда, такога месца, мабыць, у нашай музейнай прасторы і не існуе. Канешне, справа не толькі і не столькі ў колькасці работ, а ў тым, што большасць іх — гэта сапраўднае мастацтва еўрапейскага ўзроўню. Не выпадкова, Гумен выклікае да сябе інтарэс і ў асяроддзі ўласна акварэлістаў нашай краіны і замежжа, і паміж мастакоў іншых жанраў і відаў мастацтва, і ў таго маладога пакалення творцаў, якія, падавалася б, рашуча адмаўляюцца ад стандартна-традыцыйнага шляху. Такая адзінадушнасць тлумачыцца выключным талентам Гумена, своеасаблівасцю спасціжэння законаў пластыкі і патрэбай гаварыць мовай нашага часу.
Фелікс Гумен. Віцебскі краявід.
На жаль, мне не ўдалося прысутнічаць на вернісажы яго цяперашняй юбілейнай выстав, але цешыць тое, што мы адзін аднаго ведаем каля 50 гадоў. І калі, хоць і рэдка, сустракаемся, нам ёсць пра што прыгадаць і пра што пагутарыць. А акварэльны жывапіс яго я заўсёды лічыў экстракласам, пачынаючы з самых ранніх нацюрмортаў, вясковых і урбаністычных пейзажаў, якія ўпершыню пабачыў, здаецца, у 1966-м, калі ён прыехаў з І Усесаюзнага пленэра па акварэлі ў Доме творчасці ўкраінскага горада Седнеў. Паказаў мне іх Фелікс у Мінску, здаецца, на кватэры сваёй маці (сам ён ужо гады са тры як скончыў мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педінстытута і ўжо пачаў там жа настаўнічаць. Памятаю, як ён вельмі радаваўся, што яму ўдалося забараніць дыплом менавіта ў тэхніцы акварэлі — першы выпадак такога роду, бо “па законе” трэба было пісаць дыплом толькі алейнай фарбай.
Адночы мастак сказаў: “У кожнага карабля павінен быць свой порт. Віцебск — гэта мой порт, мая база, куды я заўсёды хацеў бы вярнуцца. Я шмат паездзіў па свету, а вось прыкіпеў да Віцебска. Зразумела, душа на месце толькі тады, калі ты дома. Гэты горад — усё маё жыццё, я ведаю яго да апошняй купіны. Мой Віцебск — акварэльны…” Сапраўды, мастак прысвяціў любімаму гораду і наогул Віцебшчыне ледзь не палову сваіх твораў, а мо і больш… Вось з таго ўсё і пайшло...
Не адчуваючы асаблівага піетэту перад класікамі, Гумен смела і свабодна ішоў да выяўлення тых унутраных рытмаў жыцця, якія былі ўласцівыя яму ад прыроды. Менавіта патрэба выйсці яшчэ ў тыя гады з кола звыклага жывапіснага мыслення, знайсці свой шлях да выяўлення сучаснай гармоніі свету штурхала яго на пошукі абвостранай формы, мовы, новай “карціннай” прасторавай кампазіцыі, у якой штодзённыя рэчы, вясковыя пейзажы і архітэктурныя матывы гарадоў артыстычна пераўтвараліся ў сімвалы часу.
Кожны дзень, вось ужо шмат гадоў, Фелікс Фёдаравіч прысвячае свае творы цудоўнасці жыцця і побыту, каб паведаміць нам “норавы і характары” таго, што мы звычайна не заўважаем. І што цікава, прынцыпу “па частцы — цэлае” Гумен аддае перавагу іншаму, процілегламу, — цэламу як такому. Завершаны ў сабе свет акварэльных карцін мастака — апора надзейнасці, трываласці, дзе прывольна і дрэвам, і травам, і нябёсам, дзе ўтульна жывецца і кветкам, і садавіне, і храмам, і прамысловым аб’ектам, і прадметам хатняга побыту. Погляд наш не спатыкаецца на кожным кроку аб вострыя вуглы запазычаных ці спісаных з рэпрадукцый формаў, не блукае ў стракатасці і ў нагрувашчванні рэчаў. Які ні складаны, які ні адвольны часам лінейны і колеравы рытм, галоўныя восі жывапіснай канструкцыі яго твораў “сцягнуты” ў сэнсавы, кампазіцыйны вузел, завязаны акурат пасярэдзіне. Гэта мікрасвет мастака, дзе немагчыма “праверыць алгебрай гармонію”. Увесь сакрэт гуменаўскіх “штудый” заключаецца ў тым, наколькі надзвычайна, часам да наіўнага элементарная схема канструкцыі, настолькі ж неэлементарны змест вобраза, настолькі і адчувальны багаты рытмічны ды імпрэсіяністычна-колеравы пачатак.
Нярэдка бывае адразу бачна, што ў карціне Гумена — ад “выдуманага”, што — ад “падгледжанага”. У яго сцёртая мяжа паміж вымыслам і назіраннем. Застаецца толькі прыкладна меркаваць, ці прыдумляў ён канфігурацыі рытмаў, ці прыводзіў іх у адпаведнасць з абагульняльнай думкай, якая ўзнікла apriori — ад ідэалу, ад жаданага, альбо a posteriori — ад вопыту, назірання. Або адбылося неймавернае, немагчымае — і прырода за ўчэпістасць позірку паднесла Гумену падарунак — “арганізаваную” плоскасць і глыбіню, “гатовыя” згоды рытмаў, плям і колеравыя тэмы з варыяцыямі? Ці адбіліся, выявіліся інтуітыўная кампазіцыйнасць, здольнасць бачыць гармонію ў пабудове прыроды і рэчаў?
Гэта — таямніца аўтара. Урэшце, усё сапраўднае мастацтва — таямніца. Тут для нас важны вынік: арганічнасць твора, дзе прыём не аголены, “зробленасць” адыходзіць углыб, і захоплівае толькі адкрытая эмацыйнасць, пачуцці мастака і жыццё, што цячэ ў гэтых, на першы погляд, маленькіх, але такіх значных сусветах, дзе мы жывём...
Канешне, добра, што Фелікс Фёдаравіч адзначаны і ганаровым знакам Міністэрства культуры Беларусі, і медалём Беларускага саюза мастакоў за заслугі ў выяўленчым мастацтве, і гарадской прэміяй “Сузор’е муз”, але, на мой погляд, ён даўно мог бы стаць заслужаным дзеячам мастацтваў нашай краіны. Урэшце, аднойчы ён сказаў: “Я свабодны мастак, і застануся ім назаўсёды…” Можа, гэта і ёсць самая галоўная яго ўзнагарода, дадзеная яму лёсам?