Час аднаго "хлеба" — ды не толькі...
Любоў да двух прадуктаў аб’ядноўвае мяне з акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, артыстам кіно і музыкантам гурта “ili-ili” Дзмітрыем Есяневічам. У дзяцінстве галоўная дзеючая асоба гэтага матэрыялу (нарадзіўся ён у 1981-м у вёсцы Чарнаградзь Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці) ездзіла ў горад Чэрвень разам з бабуляй, якая бывала тут па справах калгаса. Скончыўшы іх, Зінаіда Пятроўна мэтанакіравана вяла ўнука ў кафэ “Ласуха”, дзе яны ласаваліся пірожнымі “Бульба” і бярозавым сокам. Але гэта так, да слова. Калі я прапанаваў Дзмітрыю здзейсніць сумесны візіт у ягонае мінулае, ён адразу пагадзіўся. Чаму? Па-першае, у вёсцы па-ранейшаму жыве бабуля нашага героя, якую ён часта наведвае. Па-другое, прычына зноў у бабулі: у свае прыезды Дзмітрый падоўгу гутарыць з ёй пад дыктафон, запісваючы ўспаміны, штосьці здымае на камеру. У планах у Есяневіча — зрабіць пра родныя яму мясціны дакументальную стужку ў фармаце “як ёсць”, з гісторыямі — пацешнымі і сумнымі — пра людзей, пра абставіны, пра жыццё за Мінскай кальцавой. І, па-трэцяе, яму падалося цікавым апынуцца ва ўласным учора, каб зірнуць на дзень сённяшні праз прызму культуры.