Ірына скончыла ў Парыжы Свята-Сергіеўскі праваслаўны багаслоўскі інстытут, абараніла дысертацыю ў Навукова-даследчым інстытуце Сарбоны. Актыўна супрацоўнічае з Пасольствам Беларусі ў Францыі.
Акрамя шматлікіх выставак за мяжой, Ірына выстаўляецца і на радзіме. Яна — часты госць у Мінску, Нясвіжы, дзе ажыццяўляе праект “Падарожжа з Парыжа ў Нясвіж”. А яшчэ яна — актыўны прыхільнік і носьбіт беларускай мовы. У гэтым мог пераканацца прафесар Адам Мальдзіс, які ў 2005 годзе прыязджаў у Парыж (дарэчы, ён тады кіраваў Навукова-асветніцкім цэнтрам імя Францыска Скарыны, дзе працавала мама Ірыны). А я пад час нашых гутарак у Мінску таксама заслухваўся яе прыгожай, лексічна багатай мовай, што паслужыла мне нагодай, каб паклікаць Ірыну ў сваю тэлевізійную праграму “Дыя@блог пра мову”.
Станіслаў Іванавіч Шастак вось ужо сорак гадоў жыве ў Германіі. Скончыўшы БДУ па спецыяльнасці “Фізіка”, год працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР, а потым пасля шлюбу з аднакурсніцай пераехаў на яе радзіму — у тагачасную ГДР. Працаваў навуковым супрацоўнікам у нямецкай Акадэміі навук, абараніў кандыдацкую дысертацыю.
У 1987 годзе стаў супрацоўнікам Клінікі хвароб вачэй ва ўніверсітэце ў Лейпцыгу. Займаўся распрацоўкай лазернага скальпеля і фотадынамічнай тэрапіяй. У 1996-м распрацаваў канцэпцыю і статут Цэнтра лазернай медыцыны пры клініцы, які ўзначаліў у 2002 годзе. У 2010-м абараніў доктарскую дысертацыю. Часта наведвае Беларусь, дзе наладзіў супрацоўніцтва з НДІ анкалогіі ў Бараўлянах. І ўвесь гэты час у ім пастаянна жыве родная беларуская мова, якую ён узяў ад маці з Клеччыны і бацькі, вясковага скрыпача…
Сваёй мове ён прысвяціў паэтычны зборнік “Родная дарога”, які нядаўна пабачыў свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Не прага славы (славы і шанавання і ў Германіі, і ў нас Станіславу Іванавічу хапае) паслужыла нагодай для рыфмаваных радкоў Шастака, а — настальгія па Радзіме, па роднай мове…
І хоць Ірына ды Станіслаў Іванавіч прызнаюцца, што там, дзе яны жывуць, у іх усё добра, тыя краіны сталі іх домам, родная беларуская мова лучыць іх з Бацькаўшчынай.
А для маіх суразмоўцаў па тэлепраграме — амерыканца Курта Вулхайзера ды англічаніна Арнольда Макміліна — беларуская мова стала акном у нашу краіну, дазволіла спазнаць рысы нашага народа, яго гісторыю, культуру, яго самабытнасць у свеце.
Што ж, нездарма пісаў у сваім вершы Алесь Ставер: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. І бываюць там сёння беларусы, і прывозяць дадому любоў да роднага слова, песні. І пачынаюць разумець, што мы каштоўнага ў сябе маем, чым можам і павінны ганарыцца.
Ды гэта, так бы мовіць, экспартны варыянт. І я часам думаю: няўжо, каб прыцягнуць увагу да роднай мовы, нам трэба спасылацца на нашых славутых землякоў, якія жывуць у замежжы, ці ўвогуле на іншаземцаў, што валодаюць беларускай мовай?..
“Большое видится на расстоянии”? Гэта, безумоўна, так. І дзякуй Уладзіміру Георгіевічу Мулявіну, што ён, прыехаўшы з Расіі, узняў на сусветную вышыню і беларускую песню , і беларускае слова. Але хіба да яго ніхто з дзясяткаў мінскіх “зорак” не мог адчуць, якая прыгожая наша мова, як цудоўна яна гучыць у сучасным выкананні?..
Узгадваецца адна фраза, якую я пачуў у нашым Музычным тэатры: “Наша трупа пакуль яшчэ не гатова да цалкам беларускамоўнага спектакля, дый глядач таксама”. А чаму “Ла Скала” гатова — на італьянскай мове? А чаму любы паважаны оперны калектыў у любой краіне гатовы спяваць на той жа італьянскай? А чаму ў Кітаі могуць на опернай сцэне ісці цітры на электронным табло на англійскай мове для тых, хто не разумее кітайскую?..
Мы можам быць вельмі багатыя: руская мова ў нас пачувае сябе вольна і ў гаворках, і ў тэатры, і ў кіно, і на сцэне, засталося толькі, каб і беларуская была не толькі ў “экспартным варыянце”, а гэтак жа вольна пачувала сябе і дома. Бо рака толькі тады не мялее, калі не мялеюць яе вытокі…