Фамільная пахавальня Мілашаў у Мілашове.
Белая царква ў Чарэі.
Крок першы
Калі ў 2011-м я распачынала серыю Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў, то не ўяўляла, колькі людзей згуртуе праект, колькі дарог адкрые, колькі падорыць знаёмстваў… Першыя Чытанні прайшлі ў сталічнай Бібліятэцы імя Цёткі з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Чэслава Мілаша, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Мне, народжанай у вёсцы Мілашова на Міёршчыне, хацелася падзяліцца звесткамі пра род Мілашаў, пад іх зоркай аб’яднаць творцаў, звязаных з гэтымі мясцінамі.
Крыху гісторыі. Фальварак Ідолта-Мілашова ў даўнія часы, калі гаспадар гэтых земляў Францішак Сапега адмовіўся прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ, разам з Чарэйскім маёнткам адкупіў за невялікія грошы Іосіф Мілаш — сакратар Сапегі. Яго сын Яўгеніюш атрымаў у спадчыну землі, на якіх і распачаў будаўніцтва фальварка Ідолта-Мілашова. Другому сыну, Адаму (дзед Аскара Мілаша — французскага паэта-містыка), была перададзена Чарэя. А Аскара той самы Чэслаў Мілаш, пляменнік, лічыў сваім настаўнікам — у жыцці і літаратуры…
Час раскідваць камяні
Фальварак, пабудаваны Мілашамі, да гэтай пары служыць людзям. Паны “ўцяклі” ў 1939-м, а маёнтак, дзе за савецкім часам месціліся клуб, бібліятэка, кантора гаспадаркі, — застаўся. У школе — раней народным вучылішчы, — на будаўніцтва якой пан Яўгеніюш калісьці даў лесу, вучыліся дзеці. Старыя людзі “нашых” паноў хвалілі. А вось падручнікі пісалі пра “эксплуататараў і крывасмокаў”…
Час раскідваць камяні перапісваў гісторыю, бязлітасна ды жорстка ў сваіх ацэнках ставіўся да людзей, якія, па сутнасці, былі адукаванымі і руплівымі гаспадарамі на зямлі, дбайнымі асветнікамі.
Час збіраць камяні…
Складаней штосьці адбудоўваць, па цаглінцы аднаўляючы знішчанае. Але зерне цікавасці да мінулага родных мясцін, пасеянае, у тым ліку, і расповедамі старых людзей, прарастала ў душы ды прызначыла мне мой асабісты час збіраць камяні. Заспеў мяне ён у студэнцкім юнацтве. Я праходзіла практыку ў абласной газеце “Віцебскі рабочы” і выступіла з публікацыяй пра лёс каплічкі, сямейнай пахавальні паноў Мілашаў, якая на той час разбуралася.
Публікацыі папярэднічала паездка дахаты і спробы мае і краязнаўца, настаўніка гісторыі, кіраўніка гуртка “Арганаўты мінулага” Вітольда Ермалёнка звярнуць увагу раённага кіраўніцтва на тое, што прападае-гіне помнік ландшафтнай архітэктуры. Мы нават дамовіліся на сустрэчу з прадстаўніком кіраўніцтва раёна — і марна прачакалі пад капліцай гадзіны дзве. Каплічка ж стаяла ўвесь час адчыненая, быў вольны доступ на хоры і гарышча. Вокнаў на той момант у будынка ўжо не было, прадзіравіўся дах, што, канешне, паскорыла працэс разбурэння.
Узабраўшыся на гарышча, мы аглядалі дзіркі ў страсе — і раптам (о жах!) столь пада мной правалілася! Я ледзь паспела пераскочыць на бяспечнае месца і не зваліцца са шматметровай вышыні. А Вітольд Антонавіч, апантаны краязнаўца, крычыць: “Асцярожна, Лена, касцёл даламаеш!” Раённае кіраўніцтва тым разам да каплічкі так і не даехала. Але на пачатку дзевяностых узяліся ды аднавілі касцёл ксяндзы-марыяне…
…А той час збіраць камяні клапатліва падкідваў матэрыял, які цікавіў: публікацыі ў міёрскай раёнцы краязнаўцаў Вітольда Ермалёнка і Леаніда Матэленка. “Віцебскі рабочы” надрукаваў шыкоўнае даследаванне журналісткі Галіны Шпакоўскай “Паэт з бэзавай Чарэі”, прысвечаны Аскару Мілашу. У Мілашоўскай школе пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Альфрэда Тычко распачаў даследаванні краязнаўчы гурток “Юнгіс” — і гэта дадало фарбаў у палітру здабытых ведаў.
Пазней ТБ дэманстравала фільм Аляксандра Матафонава “Лабірынты: Чарэя Аскара Мілаша”. Сталі даступнымі ў перакладах творы Чэслава Мілаша, Юрый Жыгамонт з “Падарожжамі дылетанта” пабываў у Чарэі, а пазней і ў маім Мілашове… Так што карціна свету аднаўлялася, нібыта нябачная вышывальшчыца ўзор за ўзорам рэстаўравала парушанае палатно…
Другі крок
І вось Чытанні на маёй радзіме. Згодна з задумай, абавязковая частка кожнай імпрэзы — расповед пра Аскара і Чэслава Мілашаў, чытанне іх твораў, а таксама знаёмства з постацямі славутых землякоў ды асобамі творцаў-сучаснікаў і вандроўкі на іх малыя радзімы. Паўстанец і скульптар з Забалоцця Генрых Дмахоўскі, ксёндз Ідэльфонс Бобіч (ён жа ў гісторыі слова — Пётра Просты), Язэп Малецкі — доктар і пісьменнік, сучаснікі-літаратары Франц Сіўко, Галіна Тычка, Наталля Бучынская, Марына Весялуха і аўтар гэтых радкоў станавіліся героямі імпрэз.
Калі ж быў здзейснены шэраг чытанняў на Міёршчыне (у Мілашоўскай і Павяцкай школах, Ідолтаўскай і Міёрскай дзіцячай бібліятэках), захацелася разнастаіць тэматыку сустрэч. І на імпрэзы пагадзіўся прыехаць лялечны тэатр “Лямцавая батлейка” Веранікі Фаміной са спектаклем “Мама Му чытае і прыбірае”, а пасля — мастачка Аксана Аракчэева. Яна правяла сустрэчу ў Мілашоўскай школе і майстр-клас у Міёрскай школе мастацтваў…
Заканамернасць выпадковасцей
Прыкладам супрацы ў праекце з Аксанай мне хочацца пацвердзіць: варта пачаць шлях, а спадарожнікі цябе знойдуць. Я запрасіла яе да ўдзелу ў Чытаннях у сябе на радзіме, ведаючы яе не толькі як яскравага мастака-ілюстратара, але і як таленавітага педагога. І толькі напярэдадні паездкі высвятляецца: мілашаўскія землі аб’ядноўваюць нас, бо маці Аксаны, спадарыня Галіна, — з-пад Чарэі. А бацька, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Аракчэеў, лічыў, што чарэйскім землям ён, ураджэнец Расіі, абавязаны любоўю да Беларусі. Апошнія работы, распачатыя мастаком незадоўга да канца зямнога шляху, былі прысвечаны менавіта Чарэі…
Эверэст, які стаў Гарой
І вось “крайняй” — спадзяёмся, не апошняй — з паездак, здзейсненых у рамках Чытанняў, сталася паездка ў Чарэю. Мы не рыхтаваліся да яе: у спякотны жнівеньскі сквар арганізацыя сустрэч выглядала празмерным энтузіязмам. Асноўная мэта — пазнаёміцца з Чарэяй і наведацца на могілкі вёскі Гара, дзе пахаваны Барыс Аракчэеў.
“Гара” — былы “Эверэст”, новапасяленне пад час калектывізацыі з экзатычнай на той час назвай. Не прылаўчыліся яны яе вымаўляць, і памятаючы пра тое, што Эверэст — найвышэйшая гара ў свеце — пакінулі зручнае для вымаўлення азначэнне...
На Горскіх могілках сярод светлага — аж у вачах бела — бярозавага гаю спіць мастак. Выказаўшы сваю волю быць пахаваным тут, ён казаў, што і там, у лепшым свеце, будзе працягваць маляваць чароўныя беларускія пейзажы…
Пасля могілак мы паехалі шукаць сядзібу Мілашаў. І мясцовыя жыхары адразу параілі нам звярнуцца да Таццяны Казлоўскай — загадчыка бібліятэкі і краязнаўцы. Энтузіязм такіх людзей, як Таццяна Міхайлаўна, нават спёка не здольная знішчыць! Ледзь пазнаёміўшыся, яна кінула ўсе справы, каб на гадзіну стаць гідам па ўлюбёнай Чарэі.
Мы гулялі па старым ліпняку, дзе, здаецца, лістота ўсё яшчэ шэпча галасамі Мілашаў, ездзілі ў бібліятэку, да Свята-Міхайлаўскай царквы, да гор Шылаваткі і Татаркі — найстаражытнейшых курганоў, да муроў Белай царквы, у разбураныя сцены якой людзі прыносяць абразы і ладзяць малебны… Таццяна Казлоўская паказала папкі з матэрыяламі пра Чарэю і Мілашаў, распавяла пра візіт француза — сябра суполкі аматараў паэзіі Аскара Мілаша ў Чарэю… Едучы туды, я думала, што стаўлю кропку ў праекце. Але з Аксанай ды Таццянай дамовіліся пра імпрэзы і на чарэйскіх землях! А вярнуўшыся, атрымала ліст ад маладой польскай паэткі з Гданьска, Эвы Панізнік. Яна расказвала, што родам з-пад Ідолта-Мілашова яе бацька, і дзялілася марамі наведаць Беларусь...
А пуцявіны ад кропак на карце Беларусі, асветленых прысутнасцю Мілашаў, вядуць і ў Літву — у Дом-музей Чэслава Мілаша ў Шэтэнях, — і ў Парыж, і ў Варшаву. І ў Аўстралію, дзе спачыў Язэп Малецкі. І ў ЗША, дзе абарвалася жыццё Генрыха Дмахоўскага, скульптара, у замежжы вядомага як Генры О’Сандэрс… І знаходзяцца энтузіясты ды знаўцы, збіральнікі раскіданых камянёў, гатовыя рабіць крокі насустрач, збіраць людзей, дзяліцца ведамі…
Зорка Мілашаў яднае культуры, людзей, працягвае аднаўляць гістарычную памяць. І чым больш стаўлю я кропак у праекце, тым больш шляхоў для творчых стасункаў адкрываецца…
Фота да артыкула, акрамя архіўных, — Крысціны ПЕРЖУКОВАЙ