Пад назвай "Фестываль"
Сёння мы вырашылі пагаварыць пра фестывальную “кухню”. Дакладней — пра тое, якіх высілкаў, маральных і эканамічных, патрабуе не толькі стварэнне фэсту, але і лагічнае развіццё апошняга. Жыццё пераконвае, што гэты рух — непазбежны. Ужо цяпер можна смела згадаць з дзясятак праектаў, якія нарадзіліся ў раённых цэнтрах ды за пэўны час паспелі займець брэндавы статус. І гэтымі фэстамі пачалі цікавіцца турысты, майстры традыцыйнай творчасці, аматары нацыянальнага мастацтва.
Скасаваць такі рух — значыць загарнуць адну з яркіх старонак самабытнай беларускай культуры. Усё большая яе запатрабаванасць нараджае новыя фэсты. Працэс іх станаўлення залежыць ад самых розных фактараў. Маю на ўвазе арыгінальнасць ідэі і важкасць мэты, прывабнасць для фундатара-мецэната, яркасць і даходлівасць рэжысуры, зручнасць побытавых і транспартных умоў… Ды ці мала яшчэ ў маштабнага ды перспектыўнага фестывалю складнікаў? Акурат столькі, колькі і праблем. Вось пра гэта мы і пагаворым. Натуральна, што слова вырашылі даць прафесіяналам — дырэктарам фестываляў (яны ж у нашым выпадку — начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў), якія даказалі сваю патрэбнасць. А раптам тэхналогія "фестываляўтварэння" падкажа, у якім кірунку трэба рухацца іншым аддзелам, што яшчэ не займелі пераканаўчых і шырока вядомых святаў?..