Побытавыя рэчы з часоў розных войн, якія сталі артэфактамі.
Некаторыя падрабязнасці пра выстаўку распавёў загадчык аддзела новай гісторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч:
— На 150 квадратных метрах экспазіцыі прадстаўлена больш за тысячу прадметаў. Многія з іх цікавыя перш за ўсё тэматычна. Напрыклад, ёсць асобная вітрына, што распавядае аб прадметах, звязаных з бітвай за Англію ў 1940 годзе. І там можна ўбачыць, напрыклад, трашчотку, якой апавяшчалі людзей пад час налёту самалётаў, дзіцячы процівагаз — каляровы, — адмысловыя начныя лямпы... А цэнтральным экспанатам з’яўляецца веласіпед Ваенна-дэсантных Сіл ЗША. Іх у спецыяльных скрынях выкідалі з парашута пад час бітвы за Арнем у верасні 1944 года, і англійскія дэсантнікі іх выкарыстоўвалі...
Наведвальнікі выстаўкі таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі. Так, краязнаўца Ян Лялевіч кажа, што экспазіцыя цікавая для яго, у першую чаргу, як для калекцыянера.
— Мне цікавыя гэтыя рэчы, якія мелі ў сваім побыце войскі, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі і пад час Першай сусветнай вайны, і пад час Савецка-польскай вайны 1920 года, і пад час Другой сусветнай. Вельмі часта парэшткі гэтых рэчаў або нават цэлыя экзэмпляры можна знайсці як у вясковых хатах, так і элементарна на палях. Так, напрыклад, сустракаліся цюбікі для пасты, старыя запальнічкі...
Наведаць выстаўку можна да 20 чэрвеня, а потым яе змогуць убачыць жыхары Мінска ды іншых гарадоў Беларусі.
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна