На Курскай дузе. Ліпень, 1943 год, А.Гаравец з баявымі таварышамі В.Рэкуновым, М.Шчарбаковым, В.Мішусціным
ДАКУМЕНТЫ, АРХІВЫ, СУСТРЭЧЫ...
У асабістай справе Гараўца, якую мы вывучалі ў Падольскім ваенным архіве, калі збіралі матэрыял пра яго лётнае жыццё, ёсць лаканічныя звесткі, што датычаць шахцінскага перыяду. Аказалася, Аляксандр прайшоў амаль усе этапы службовай лесвіцы: быў радавым лётчыкам-інструктарам, камандзірам звяна, камандзірам лётнага атрада, начальнікам лётнай часці. І ўсе, хто яго ведаў, аднадушна адзначалі: на любой пасадзе, якую даручала яму камандаванне, Гаравец праяўляў сябе дасведчаным, ініцыятыўным спецыялістам і класным лётчыкам.
Я не выпадкова пачаў свой расповед з Шахцінскага аэраклуба. Менавіта тут, у горадзе на Доне, Аляксандр пазнаёміўся і моцна пасябраваў з героем дадзенага нарыса, унікальным лётчыкам, аналаг якому ў сусветнай авіяцыі цяжка адшукаць. Яшчэ адзін Аляксей Марэсьеў? Так. Але наш герой, акрамя ступняў абедзвюх ног, не меў яшчэ і аднаго вока! І збіваў самалёты. Але хто пра яго сёння ведае? Не знайшлося на яго свайго Барыса Палявога, які б расказаў усяму свету пра гераічны лёс Аляксея Марэсьева, ці Аляксандра Фадзеева, які напісаў шырока раскручаны ў краіне СССР раман пра маладагвардзейцаў горада Краснадона. Я ўжо не кажу пра Фурманава і братоў Васільевых, якія стварылі непахісны легендарны вобраз Чапаева. А вось на мужнага лейтэнанта Леаніда Рубцова — так звалі баявога сябра Гараўца — свайго летапісца, паўтару, не знайшлося...
Шэсць гадоў мы з журналісткай Людмілай Крушынскай, роднай пляменніцай Аляксандра Канстанцінавіча Гараўца, працавалі над дакументальнай аповесцю “У паядынках на вышыні” пра яго жыццё і лёс. Шэсць гадоў было аддадзена вывучэнню архіўных дакументаў, шматлікім сустрэчам з тымі, хто ведаў Гараўца з нараджэння, дзіцячых і юнацкіх гадоў, хто працаваў і ваяваў побач з ім, хто быў удзельнікам і сведкам паветраных баёў, праведзеных Гараўцом і яго аднапалчанамі ў небе Паўночнага Каўказа, Кубані і на Курскай дузе. У нашым хатнім архіве — сотні лістоў і дзённікаў з успамінамі пра легендарнага лётчыка і яго таварышаў, дасланых з розных гарадоў і вёсак Савецкага Саюза, пачынаючы ад маршалаў і генералаў авіяцыі і заканчваючы “рабочымі вайны”, пра тых, хто рыхтаваў і “латаў” самалёты перад вылетам у неба. Пра каго так ярка, вобразна, праўдзіва расказаў Леанід Быкаў у сваім фільме “У бой ідуць адны старыя”.
ДА “ЧОРНАГА ПАДКАЎНЕРЫКА”
...25 верасня 1939 года ў Шахцінскі аэраклуб, застаючыся ў кадрах РККА, прыбылі некалькі лейтэнантаў. Сярод іх быў і Леанід Рубцоў, роўна на адзін год старэйшы за камандзіра звяна 2-га атрада Алякандра Гараўца. Круглатвары мацак, весялун і жартаўнік, ён хутка і арганічна ўвайшоў у новую сям’ю лётчыкаў-інструктараў. Лятаў ён упэўнена, з веданнем справы, але самае дзіўнае было ў іншым. Нячаста ўбачыш лётчыка з пратэзам замест вока. Шкляное вока Рубцова глядзела халодна, бясстрасна, затое здаровае свяцілася заўсёды жывым бляскам, прагна ўглядаючыся ў свет, нібы баючыся прапусціць штосьці цікавае.
З першай жа сустрэчы Рубцоў, сібірак з Краснаярска, і беларус з вёскі Машканы моцна пасябравалі, і іх пастаянна бачылі разам. Як расказаў сябру Леанід, вока ён страціў “на ніве кінамастацтва”. У 1938-м рэжысёр Эдуард Пенцлін з аператарамі Пішчыкавым і Топчыем прыступілі да здымкаў мастацкага фільма “Истребители”. Звярнуліся да камандавання авіячасці, што базіравалася ва Украіне, з просьбай выдзеліць ім вопытнага лётчыка для выканання лётных трукаў за артыста Марка Бернеса, які выконваў галоўную ролю Сяргея Кажухарава. Памятаеце яго песню “Любимый город”, што стала на многія гады, як цяпер гавораць, хітом?
Выбар дублёра-трукача паў на Леаніда Рубцова. Перад самым фіналам здымак (адбывалася ўсё пад вёскай Гогалева Вялікабагачанскага раёна, што на Палтаўшчыне) здарылася аварыя з самалётам Рубцова-Бернеса, і лётчык страціў вока. Зразумела, пра авіяцыю трэба было забыць. І Рубцову прапанавалі пайсці з лётнай службы, нават падабралі спакойнае месцейка ў нейкім штабе. Але лётчык наадрэз адмовіўся. Зразумеўшы, што спрачацца з начальствам марна, махнуў у Маскву, проста ў Наркамат абароны. Прайшоўшы некалькі інстанцый, уключаючы медкамісіі, дайшоў до самога наркама — маршала Варашылава. І свайго дамогся: яму зноў даверылі штурвал самалёта!
…У хуткім часе інструктарскі склад шахцінскага аэраклуба папоўніўся яшчэ адной групай выпускнікоў, на гэты раз сяржантаў, розных лётных аэраклубаў краіны. Сярод іх быў і валжанін Васіль Рэкуноў. Ці мог Аляксандр Гаравец уявіць тады, што Рубцоў і Рэкуноў стануць на фронце яго вядомымі? Рубцоў — на Паўночным Каўказе і Кубані, Рэкуноў — летам 43-га, ажно да апошняга легендарнага бою Гараўца 6 ліпеня на Курскай дузе…
Паведамленне пра пачатак вайны заспела курсантаў у памяшканні аэраклуба. Зразумела, усе рваліся на фронт. Гаравец з Рубцовым, як і іншыя саслужыўцы, падавалі рапарт за рапартам з настойлівай просьбай адправіць іх у запасныя палкі перавучвацца на баявыя знішчальнікі, затым — у бой. Прыкладна праз тры тыдні, 16 ліпеня, у адпаведнасці з загадам Наркама абароны на базе Шахцінскага і Растоўскага аэраклубаў была арганізаваная 20-я вайсковая авіяшкола першапачатковага навучання Паўночна-Каўказскага фронту. І заняткі з курсантамі працягваліся да 10 кастрычніка, пасля чаго ўсіх інструктараў, камандзіраў звёнаў і атрадаў накіравалі ў невялічкі азербайджанскі гарадок Сальяны, што на беразе ракі Куры. Гаравец і Рубцоў, як заўжды, былі разам.
Напачатку вучэбных самалётаў УТ-2 з двайным кіраваннем — “спарак” — не хапала. Ляталі ад світання да змяркання. Вучылі курсантаў, вучыліся самі. Палёты вымотвалі фізічна. Часам баразнілі неба да “чорнага падкаўнерыка” па 5-6 гадзін запар. Круг ды зона, круг ды зона. Узлёт, першы разварот, другі, трэці, разлік на пасадку. І так бясконца. Зрэшты, больш вымотвалі не столькі палёты, колькі чаканне. А што далей? Калі на фронт? Адтуль ішлі весткі несуцяшальныя. Кожны дзень даводзілася перастаўляць на карце флажкі: фронт усё бліжэй пасоўваўся на ўсход, ужо бліжэй да Растова і Шахтаў. Але на ўсе рапарты накладваліся вета. Маўляў, Гаравец, Рубцоў і іх таварышы павінны былі рыхтаваць кадры для будучых баявых лётчыкаў, бо гэта найгалоўнейшая справа, і каму, як не першакласным інструктарам выхоўваць заўтрашніх асаў?
Леанід Рубцоў. Падрыхтоўка да баявога вылета. А.Гаравец — злева
ЗА ШТУРВАЛАМ ЗНІШЧАЛЬНІКА ЛАГГ-3
У ліпені 1942 года лейтэнант Гаравец становіцца намеснікам камандзіра 2-га атрада па лётнай частцы. А праз месяц у Сальяны прыйшоў загад аб расфарміраванні 20-й ваеннай авіяшколы лётчыкаў першапачатковага навучання, і Гаравец з сябрамі ўзялі курс на Еўлах. Тут, на мясцовым аэрадроме, былі сабраныя авіячасці з баявымі самалётамі, у тым ліку і новых тыпаў. У сярэдзіне верасня Гаравец разам з Рубцовым, Іванам Піліпчанкам, Васілём Рэкуновым адбылі ў запасны полк, у Грузію, недалёка ад Тбілісі, перавучвацца на баявыя знішчальнікі. 10 верасня 1942 года сюды прыбыў на даўкамплектаванне патрапаны ў баях 166-ы знішчальны авіяполк. Полк, відаць, гучна сказана: у ім заставалася ўсяго чатыры лётчыкі.
У гэтым палку і адбылася сустрэча Гараўца, Рубцова і Рэкунова са старшым лейтэнантам Васілём Мішусціным, будучым Героем Савецкага Саюза, лейтэнантамі Мікалаем Каваленкавым, Міхаілам Шчарбаковым і Уладзімірам Аляхновічам, сяржантамі Пятром Ніканоравым, таксама будучым Героем Савецкага Саюза, Барысам Арцюхіным, Мікалаем Манетавым і Васілём Макаранкам, якія і стануць баявымі сябрамі ўчарашніх “сальянаўцаў”. Камандзірам 166-га авіяпалка быў прызначаны маёр Стэфан Рымша, беларус, зямляк Гараўца, родам з вёскі Ермакі, што на Полаччыне. Аблятаў 15 розных тыпаў самалётаў, паспеў правесці 13 паветраных баёў. На ліку яго пяцёркі ЛАГГаў ужо было пяць збітых месершмітаў (пяты быў знішчаны ў раёне Белая Гліна 2 жніўня 1942 года Рымшам асабіста, хоць лётчык і быў цяжка паранены).
Упершыню Гаравец з Рубцовым селі ў кабіну ЛаГГ-3 6 кастрычніка, а праз два тыдні яны дасканала ведалі машыну. Знішчальнік Гараўца лічыўся пад нумарам 55. Субота 12 снежня стала днём першага баявога хрышчэння для многіх лётчыкаў палка Рымшы. Гэты дзень прайшоў у разведцы наземных войскаў праціўніка ў раёне Маздока і перапраў на Цераку. І хаця гэты баявы вылет абышоўся без паветранага бою, настрой лётчыкаў быў прыўзняты. А свой першы варожы самалёт Гаравец збіў на наступны дзень, 13 снежня. Зрэзаў яго ў гарызантальным палёце, калі вядомы Рубцоў прыкрываў яго з тылу.
Так пачалося баявое жыццё лётчыкаў 166-га знішчальнага авіяпалка. Потым было шмат баёў на Каўказе і Кубані: Мінеральныя Воды, Нальчык, Пяцігорск, Эльхатава, Грозны, Беслан, Алагір, Георгіеўск, Нявінамыск, Армавір, Крапоткін, Ціхарэцкая… А ўжо 3 лютага 1943 года, у апошні дзень знаходжання палка на аэрадроме Крапоткін, маёр Рымша, як сведчыць дакумент з Падольскага ваеннага архіва, падпісаў прадстаўленне да ўзнагароджання Гараўца ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга за смеласць і адвагу, праяўленыя ў баях з люфтвафаўцамі. Далей пералічваліся канкрэтныя подзвігі Гараўца, якія ён здзейсніў пры штурмоўках з бомбамятаннем, у выніку чаго былі знішчаны дзясяткі цягнікоў, аўтамашын, павозак з войскамі і боепрыпасамі. А колькі было вылетаў на разведку і колькі разоў ён умела суправаджаў нашых штурмавікоў і бамбардзіроўшчыкаў! Словам, паказаў сябе, як гаворыцца ў прадстаўленні, “храбрым, мужным, стойкім байцом, які выдатна валодае тактыкай вядзення паветранага бою”.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №19 ад 7 мая.