Міхаіл Фінберг і аркестр падчас рэпетыцыі.
Спадар Фінберг зазначыў, што 2017 год будзе юбілейным і для самога аркестра — калектыву спаўняецца 30 гадоў. “Мы працуем вельмі шмат у розных кутках нашай Бацькаўшчыны. Ці шмат калектываў наведвае маленькія гарады? Прынамсі, у Хойніках мы былі 17 разоў, у Чачэрску — 16. Наогул, няма такога рэгіёна, дзе мы не сыгралі б творы беларускай музыкі! Я вельмі задаволены, што калісьці музыканты са мной пагадзіліся і мы стала ідзём па гэтым шляху. Так, гастролі патрабуюць фінансавых выдаткаў. Прынамсі, каб на аўтобусе завезці нашых выканаўцаў у Гомель, неабходна не менш за 75 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. І ўсё ж на сёння мы зрабілі 252 фестывалі ў маленькіх культурна-гістарычных цэнтрах Беларусі. Я не стамляюся паўтараць, што неабходна любіць сваю краіну”, — дадаў кіраўнік аркестра.
Фінберг нагадаў, што сёння ў творчым багажы калектыву — 38 праграм на словы беларускіх паэтаў, сярод якіх Максім Багдановіч, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Асаблівае стаўленне да Янкі Купалы і Якуба Коласа: дадзеная праграма — ужо трэцяя, што прысвячаецца ўгодкам народных паэтаў.
Фота аўтара