Не так даўно ў нашай газеце з’явілася новая рубрыка “Суботнікі з “К”. Пішам мы ў ёй пра ўласныя валанцёрскія ініцыятывы, якія ладзім у памятных мясцінах розных рэгіёнаў Беларусі. Звязаны яны з выдатнымі асобамі нашай гісторыі і культуры, імёны якіх гучаць як брэнды — Дамейка, Бохвіц, Міцкевіч, Рэйтан, Грушвіцкі.
Гэтым разам мы накіруемся на поўдзень ад Мінска і наведаем Уздзенскі, Капыльскі ды Слуцкі раёны. Гэты край, магчыма, не самы папулярны ў турыстаў — а дарма, бо тут можна пабачыць нямала цікавых помнікаў мінуўшчыны. Маршрут разлічаны на адзін дзень — калі выехаць ранкам машынай з Мінска, можна ўправіцца яшчэ да вечара.