Пра крылатых…
Уявіце: летні ціхі вечар, вёска, якую дзеліць шаша, ля адчыненых дзвярэй бібліятэкі сядзіць на крэсле маладая жанчына і чытае кніжку. І ў гэтай паставе столькі стрыманай прыгажосці і нейкай унутранай годнасці пры поўнай адсутнасці паказухі, што нельга было не спыніцца на гэтым абсалютна выпадковым журналісцкім маршруце. Уразіла пазіцыя прыгажуні: “Я раблю сабе рэкламу тым, што яе не раблю”. Яшчэ адзін доказ таго, што ў прыгожых людзей і ўчынкі прыгожыя. Так, расчаравання ад выпадковай сустрэчы не было. Я пісаў пра гэта некалькі гадоў таму. І пра тое, што чытальная зала тады была паўнюткая і чытачоў на абанеменце хапала. Карціна, скажам, не надта стандартная. Як, зрэшты, і сама гаспадыня ўстановы. Усё правільна: кожная асоба выбітная па-свойму. Але ўсіх аб’ядноўвае артыстызм, смеласць, упэўнены прафесійны гонар і такая арганізацыя працы, што складваецца цвёрдае ўражанне: усё робіцца само па сабе. Аднак вы ведаеце: які аркестр без дырыжора!