Прыгажосць, што прымушае думаць
Два гады таму жывапісцу Леаніду Хобатаву споўнілася семдзесят год. Персанальную выставу з гэтай нагоды мастак зладзіў толькі цяпер. Мяркую, чакаў, калі пад яе вызваліцца прастора на самай прэстыжнай экспазіцыйнай пляцоўцы краіны — у Нацыянальным мастацкім музеі. Атрымалася так, што перад тым, як паглядзець гэтую персаналію, я гартаў зборнік аднаго італьянскага аўтара і зачапіўся думкаю за аповед наступнага зместу. Дзяўчына вельмі пакутуе праз тое, што яна “не такая, як усе”. Каб пазбавіцца сваёй непаўторнасці, яна кладзецца пад нож пластычнага хірурга, змяняе колер валасоў і нават вачэй, больш за тое — прымушае сябе скарэктаваць уласны характар і лад думак, а супакойваецца толькі тады, калі становіцца адзін у адзін падобнай да дзяўчыны з вокладкі моднага часопіса ды чуе ад маладых людзей: “А я вас недзе ўжо бачыў”.
Вось і ў мастацтве такое здараецца: мае чалавек ад прыроды непаўторны талент, а скарыстоўвае на тое, каб быць “як усе”, уплішчыцца ў нейкі эталон. У старажытнасці гэта называлася “закапаць талент у зямлю”.
Дык вось, мастак Леанід Хобатаў не такі!