Майстар не можа без чалядніка
Мала аб чым шкадую. Хіба што аб нейкіх нерэалізаваных творчых магчымасцях. Ці ж зважаеш у юнацтве на ўсё тое, што настойліва прапаноўвае Бог? Бухгалтары так і застаюцца бухгалтарамі, інжынеры — інжынерамі. Не, пасля працы яны складаюць вершы пішуць пейзажы і лепяць з гліны, але толькі для сябе, у стол, нават без мары пра скарэнне нейкіх творчых вяршынь. І гэта яшчэ добра, калі галоўная справа жыцця застаецца ў выглядзе хобі. Але ж і так бывае: што павінна было вырасці і забуяць, нават і кволых парасткаў не дае. Так багатая залатая жыла вякамі хаваецца пасярод пустой пароды. Трагедыя! І не толькі асабістая…