Быў век, была эпоха…
Дзіўная рэч: жыву настальгіяй па часе, калі мае бацькі былі маладымі. Адкуль гэта? З глыбіні свядомасці, напэўна, з-за жадання зразумець, што за эпоха была: у жудаснай вайне перамаглі, а камунізм так і не пабудавалі. Галадавалі, але захавалі дабрыню, якая доўга яшчэ заставалася сілай вырашальнай. Менавіта яна дапамагла гераічна ўзняць цаліну, упарта пракладваць рэйкі БАМа, а потым вытрымаць разуменне бессэнсоўнасці гэтых праектаў. Ды ці толькі іх… Але я пастараюся пра тое добрае, якое і па сёння акрыляе, дадае гонару і вядзе за сабой.
Так, духоўнасць не лічылася набыткам абраных. Неверагодна, але поруч з аднаўленнем пасляваеннай гаспадаркі ў Беларусі выдаткоўваліся грошы на ўзнаўленне бібліятэчнай дзейнасці. Нават у маміну маленькую вёску прывезлі стосы новых кніг, перавязаных вяроўкай. Яна згадвала, як маленькая вясковая дзяўчынка плакала, бо ніяк не магла тую вяроўку развязаць, а чытаць вельмі хацела, хоць і не ўмела яшчэ. Чыстыя слёзы будучага шчырага кніжніка! Пакажыце мне таго, хто цяпер заплача з гэтай прычыны…