Без кораня нават палын не расце
У кожнага — свой шлях да асэнсавання мастацтва. У мяне ён — стараверскі. Палову жыцця пражыў у Ветцы і толькі цяпер дарос да канчатковага ўсведамлення, пасярод чаго душа мая вырай знайшла ды раўнавагу. Эгаізм месціча, разбэшчанага навакольнай прыгажосцю людзей і рэчаў. Менавіта гэта дадае мне ўпэўненасці называцца беларусам старой веры. Маці, у дзявоцтве Дзям’янава, была мясцовай. Бацька ж паходзіў родам з добрушскай Церахоўкі. Нас літаральна ды натуральна ўціснулі ў мясцовы веткаўскі фармат і назвалі “Рагінавы”. Я не быў супраць. Мне ўвогуле падабалася веткаўская вольніца. На адным канцы мястэчка гаварылі і чыталі на ідыш. На другім, прысожскім, насілі бароды, вырошчвалі неверагодныя сады і рабілі лятучыя лодкі-дашчанікі. Аказваецца, не толькі іх. Абразы з покуцяў і старадрукі з куфраў адлівалі золатам акладаў і буквіц. Іх арнаменты нагадвалі таямнічы сад, а сапраўдныя сады былі падобныя на карціны эпохі Адраджэння. Ад гэтай мешанкі кружылася галава. Думкі нараджаліся ў пакутах, але дадавалі годнасці. Заставалася мары пераўтвараць у словы і фарбы. У кожнага быў свой шлях…