Талент, што вымагае прасторы
10 лістапада ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспубліцы Беларусь адкрылася чарговая мастацкая выстава. Бібліятэка мае два памяшканні — у Доме ўрада і ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта. Абодва скарыстоўваюцца як выставачныя пляцоўкі, але часцей зменныя экспазіцыі ладзяцца ў Доме ўрада. Так і гэтым разам. Цяпер тут экспануюцца творы маладой мастачкі Дарыны Даўгадзілінай. Звычайна, калі мастака называюць “маладым”, маюць на ўвазе, што ягоныя працы не трэба ацэньваць надта строга. Маўляў, маладосць з прычыны адсутнасці досведу, як жыццёвага, так і прафесійнага, па вызначэнні з’яўляецца правам на памылкі. Але, як сведчыць гісторыя мастацтва, тыя, каго мы ведаем як карыфеяў, часта, як прынята казаць, знаходзілі сябе, дэманстравалі майстэрства і канцэптуальны склад мыслення ва ўзросце даволі раннім. Магчыма, у дадзеным выпадку можна казаць пра нешта падобнае.