Уладзімір Слабодчыкаў: “Я стараўся не здраджваць сабе”
Значная і нават выключная для мастакоўскага свету падзея адбылася на пачатку гэтай восені — яшчэ адзін выдатны творца атрымаў званне народнага мастака Беларусі. Падобнага не здаралася ўжо даўно. Творца гэты — знакаміты беларускі скульптар Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ, аўтар вялікага мноства твораў, помнікаў, мемарыялаў, якія ведаюць і цэняць як у нашай краіне, так і за яе межамі. Уладзімір Іванавіч і да таго меў нямала пачэсных званняў і вельмі каштоўных узнагарод, сярод якіх былі і медаль Францыска Скарыны, і званні ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў і Брытанскага каралеўскага таварыства скульптараў, але ж мець права называцца народным мастаком Беларусі — гонар асаблівы. І гонар заслужаны — сапраўды, работы Уладзіміра Слабодчыкава не толькі на выстаўках: яны побач з намі на вуліцах і ў парках, ля тэатраў і музеяў, яны ідуць з намі па жыцці. А яшчэ ж можна сказаць, што і пакаленні беларускіх скульптараў Уладзімір Слабодчыкаў выхаваў, бо кафедрай скульптуры ў нашай Акадэміі мастацтваў ён загадвае на працягу ўжо больш чым трох дзесяцігоддзяў. Пра творчасць і яго пакуты і радасці мы пагаварылі з народным мастаком Беларусі.