Субстанцыя ідэальнага ў вібрацыі Сусвету
Аднойчы выдатны армянін Мартырос Сар’ян распавёў, як у юнацтве выпадкова ўбачыў свайго зямляка Івана Айвазоўскага, які імчаўся ў карэце. На ўсё жыццё запомніў ён гэты момант. Яму здавалася, што карэта тая ляціць на нябёсы, да сонца, у Космас і забірае нейкі таемны дух продкаў. Я ўспомніў пра гэта, калі пачаў пісаць пра майго сённяшняга героя — надзвычайнага, дзівоснага жывапісца і графіка Грэгара Данеляна, для якога Беларусь стала другой радзімай у апошнія 30 гадоў яго жыцця — з таго часу, калі ён пакінуў з сям’ёй ахоплены жорсткімі сацыяльнымі канфліктамі і разрухай Каўказ. Беларусь дала яму прытулак, абдарыла цеплынёй і любоўю. Менавіта тут, на беларускай зямлі, ён стварыў для сябе ўнікальную мастацкую праграму, мэтай якой, па словах мастака, з’яўлялася “адлюстраванне вібрацыі чалавечага духу”.