Аладкі з кабачка
Навошта патрэбны пісьменнікі, калі ўжо былі Аляксандр Пушкін і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў ды Іосіф Бродскі? Патрэбны! Няспынны і натуральны працэс творчага самавыяўлення. І кожны век дае цудоўныя прыклады пераходу колькасці ў якасць. Мастацтва пачынаецца там, дзе заканчваюцца засмучэнне і абыякавасць. Не, смутак можа прысутнічаць, але паводле класіка ён павінен быць светлым. І тады вершы вырастаюць са “смецця”, героі прозы перастаюць слухацца аўтара, а фарбы ды ноты кладуцца так, што музыка набывае адлюстраванне, а жывапіснае палатно — незямное гучанне. Галоўны вораг мастацтва — шэрая банальнасць кшталту рыфмаў графамана: “розы — марозы”, “слёзы — бярозы”.
Сапраўдны творца мае здольнасць бачыць і чуць. Я не паспеў узяць вялікае інтэрв’ю ў свайго суседа і непераўзыдзенага аўтара жывапіснай графікі Валерыя Шкарубы. Але добра памятаю ягоны ўспамін пра першае дзіцячае здзіўленне, што выклікаў нейкі заезджы мастак. Яго не хвалявалі прыгожыя вясковыя пейзажы, а зацікавіў звычайны касцёр дроў ля падворка. Мастак пабачыў нешта адмысловае, нешта знакавае для сябе, што і нараджае са “смецця” твор. Я перакананы, што без гэтага дару няма і работніка культуры. Шырспажыў бачаць усе, парасткі мастацтва — толькі абраныя.