Фэст для таты
На пачатку 1980-х нам, маладым веткаўскім газетчыкам, мастадонты ад журналістыкі прыводзілі вось які прыклад прафесіяналізму: “Прыехаў са сталіцы спецкар. Мэта: напісаць нарыс пра камбайнера. Дык як сеў той журналіст у кабіну да хлебароба, так да абеду і не вылазіў. Камбайн на жытнёвым палетку шчыруе, а ў кабіне два профі гутарку вядуць… У выніку матэрыял як звон атрымаўся. Вучыцеся!”
Мы вучыліся. Вельмі хутка зразумелі, што прыклад — не надта красамоўны. Журналіст сеў у кабіну, каб хлебаробу замінаць, а той высокаму госцю адмовіць не змог, а таму палову рабочага дня працаваў са стратамі. Мы высвятлялі ў агранома: пэўная доля ўраджаю так на ржышчы і засталася.
Cпакваля ў мяне сфармавалася сваё бачанне прафесіяналізму. Гузакоў пры гэтым набіў шмат, але пераканаўся: каб зазірнуць у душу чалавеку, неабавязкова хадзіць за ім тыдзень ці месяц. Дастаткова ў вочы паглядзець, на рукі, на вынік працы, паслухаць як будучы герой нарыса пра жонку распавядае, пра дзяцей, пра вясковыя праблемы. З усяго гэтага партрэт пакрысе і складаецца.
І свой канкрэтны прыклад прафесіяналізму ў мяне назапасіўся.