Вы прыйшлі змяніць жыццё
Суб’ектыўнае. Чым адрозніваецца чалавек, які прачытаў “Каласы пад сярпом тваім”, ад чалавека, які нават не ведае, хто такі Уладзімір Караткевіч? Чым? Усім! Верай, перакананнямі, жыццёвымі мэтамі, адукацыяй… Я цяпер не пра вялікую сілу мастацтва, якая робіць з істоты асобу. Памятаеце, Уладзімір Высоцкі спяваў пра патрэбныя для правільнага сталення кніжкі? Маўляў, камусьці шанцуе іх прачытаць, а камусьці — не. Дык вось, вельмі важна, каб правільная кніжка патрапіла ў рукі маладога чытача тады, калі трэба. А гэта ўжо клопат бацькоў, педагогаў, работнікаў культуры.
І з такой нагоды — вельмі важная думка. Пісаў, пішу і буду пісаць, што нічога не памяняецца ў статусе клубніка, бібліятэкара, музейшчыка, пакуль яны будуць лічыць галоўнай сваёй мэтай толькі задавальненне культурных патрэб насельніцтва. Яшчэ і звышзадача ёсць. Яна ў тым, каб напоўніцу ўплываць на станаўленне нацыянальнага светапогляду, заснаванага на нашай беларускай традыцыйнай культуры, каб істотна мяняць жыццё ў лепшы бок. Пагадзіцеся, місія не для абыякавых выканаўцаў чужых загадаў.