У Строчыцы — на прыроду і ў музей
Паблізу Мінска ёсць найактуальнейшы летнім часам музей-скансен — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, музей пад адкрытым небам. Там — сярод палёў, узгоркаў, дрэваў і старадаўніх драўляных збудаванняў, што клапатліва зберагаюцца ў музеі, можна з асалодай правесці ўвесь дзень — і адпачыць, і падыхаць цёплым і свежым летнім паветрам, і паблукаць сярод старых сялянскіх хат і храмаў, і паглядзець шматлікія экспазіцыі і выставы — акунуцца, такім чынам, у мінуўшчыну беларускага народа. Музей у вёсцы Азярцо ўвогуле на падзеі багаты, у ім увесь час што-небудзь адбываецца. Так, усё лета ў адным з самых значных і каштоўных будынкаў экспазіцыі — у Спаса-Праабражэнскай царкве — будзе працаваць яскравая выстава “Беларускія народныя касцюмы” з фондаў, сабраных самімі супрацоўнікамі музея. Гэта яшчэ адна нагода завітаць у Строчыцы, як па-простаму называюць гэтае месца
па назве бліжэйшай вёскі.
Далей