Кніжная вясёлка лета
У першы дзень школьных летніх вакацый, я, вучань, ішоў у бібліятэку, каб забяспечыць сябе шчаслівай тэорыяй. А шчаслівай практыкі ў лесе, на рэчцы ды азёрах, у матчынай вёсцы было вышэй за неба… Цешаць душу ўспаміны. Давайце зробім з гэтай нагоды маленькі культуралагічны шпацыр па Ветцы майго дзяцінства. Яе ўжо збольшага няма, бо было гэта паўсотні гадоў з горачкай таму. Пачаць варта з аўтастанцыі. Побач у спісаным аўтобусе працаваў пнеўматычны цір. Я быў пастаянным яго наведвальнікам. Страляць навучыў бацька. А праз дарогу, ля прадзільнай фабрыкі, знаходзіўся цір сапраўдны. Мы разам адтуль не вылазілі. Уменне рабіць штосьці якасна — гэта ж таксама культура?
Другое месца па аўтарытэтнасці займалі бібліятэкі. Школьная знаходзілася супраць майго дома. Да дзіцячай трэба было дабірацца да цэнтра мястэчка, бо працавала яна ў доме культуры. Каб трапіць у дарослую, неабходна было зайсці ў ДК з другога боку. Мяне туды не пускалі гадоў да дзесяці. Прыкладна на той час высокі ўзровень бібліятэк ужо не абмяркоўваўся. Іхні недахоп быў толькі адзіны: у фондах адсутнічала кніжка “Аліса ў Залюстэраччы”. Мо таму я нічога і не зразумеў у матэматыцы?..
Не забыцца б на дом піянераў. Маляваць мяне навучыў бацька, а ў доме піянераў я толькі ўдзельнічаў у конкурсах. Дарэчы, прызы дзяліў з Галей Нячаевай, будучай цудоўнай музейшчыцай. Паколькі музея ў Ветцы яшчэ не было, Галя складала вершы ды малявала. Культура бярэ нас у абдымкі паступова, але назаўжды…