Код творчасці ў канцэнтраванай тэзе
Адной з асноўных мэт аб’яднання мастакоў у творчы саюз, паводле статута гэтага саюза, з’яўляецца актывізацыя выставачнай дзейнасці. Мастак можа думаць, што працуе выключна дзеля ўласнага задавальнення, альбо мець у прыярытэце матэрыяльны эквівалент сваёй працы, але, калі ён не мае сваёй глядацкай аўдыторыі, дык яго нібыта і няма. Не ў фізічным, зразумела, сэнсе, але як асобы сацыяльна значнай.
Сённяшняе кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў доўжыць практыку, напрацаваную яшчэ да апошняга з’езда БСМ, калі выставы нацыянальнага маштабу ладзяцца не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Прыкладам можа быць нядаўняя рэспубліканская выстава да сумнай гадавіны Чарнобыля, арганізаная ў Гомелі. “К”, нагадаем, прысвяціла ёй разварот. Вось і зараз старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык ладзіць сваю персаналію ў Хойніках.