Знайсці інвестара для старой крэпасці
Разглядаючы нядаўна карту Беларусі і прыгадваючы свае вандроўкі, неяк заўважыў, што ёсць такая сабе паласа раёнаў — прыкладна ад Шуміліна да Мазыра, — якія не назавеш папулярнымі ў турыстаў. Перадусім, відаць, з той прычыны, што несправядліва абышлася з імі гісторыя. Менавіта гэтыя землі былі цягам доўгіх стагоддзяў арэнай баёў ва ўсіх войнах, якія пракаціліся па нашай краіне, і менавіта тутэйшыя мястэчкі і вёскі найцяжэй пацярпелі ад ваенных дзеянняў, страціўшы ладную частку сваёй архітэктурнай спадчыны, якая некалі не саступала ні колькасна, ні якасна іншым рэгіёнам Беларусі.
Але ляжыць у гэтай паласе, амаль роўна пасярэдзіне яе, адзін горад, турыстычны патэнцыял якога я назваў бы вельмі недаацэненым. Бо тут, асабліва на фоне навакольных абшараў, акурат ёсць на што паглядзець і чым захапіцца любому вандроўніку, які цікавіцца помнікамі мінуўшчыны ды гісторыяй мясцін з незвычайным лёсам. Гаворка, вядома, пра Бабруйск, і тым больш дзіўнай выглядае такая сітуацыя, калі ўлічыць, што лёс тутэйшай забудовы насамрэч не назавеш банальным — дзвесце гадоў таму стары горад тут быў планамерна і цалкам знішчаны. А найвялікшы парадокс палягае ў тым, што зроблена гэта было для будаўніцтва аб’екта, які сёння, бадай што, зрабіўся візітнай карткай Бабруйска. Але — аб усім па парадку.