Аўто Песняра
Часам мы не звяртаем належнай увагі на тое, што было створана за апошнія гады ў сацыяльна-эканамічнай сферы краіны.
Між тым, без перабольшання можна сказаць, што суверэнная Беларусь за мінулыя 30 гадоў змагла значна прасунуцца на шляху рэканструкцыі і мадэрнізацыі ключавых галін народна-гаспадарчага комплексу.
Прынамсі праца любога творцы, які займаецца прамысловым дызайнам, шчыльна спалучана з поглядам на нацыянальны культурны асяродак як рэч вызначальную. Таму сёння брэнды беларускіх прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на машынабудаванні, адразу пазнаюцца і ў краіне, і за яе межамі спачатку па сваіх візуальных адметнасцях. Гэта і кар’ерныя самазвалы “БелАЗ”, і трактары “Беларус”, і грузавыя аўтамабілі “МАЗ”, і спецтэхніка “Амкадор”, і сельскагаспадарчая тэхніка “Гомсельмаш”, і магутнае прадпрыемства па выпуску электратранспарту “Белкамунмаш”…
Два мінулыя гады пазначылі яшчэ адну тэндэнцыю: устойлівую спажывецкую цікавасць насельніцтва рэспублікі да электрамабіляў.
Летась стала вядома, што гэтая тэндэнцыя была заўважана кіраўніцтвам дзяржавы, у сувязі з чым у бліжэйшы час Беларусь плануе выйсці на праектаванне і вытворчасць пяці новых мадэляў айчынных электрамабіляў. У арганізацыях НАН Беларусі ўжо выкананы шырокі спектр даследчых работ, у выніку якіх створаны эксперыментальныя і вопытныя ўзоры электратранспарту і яго кампанентаў. Вядома ж, над імі працавалі і будуць яшчэ працаваць у тым ліку і айчынныя дызайнеры.
Відавочна, што гэтыя прыярытэты, у прыватнасці, увядзенне ў жыццё нацыянальнага электрамабіля, не абыйдуць увагай падчас абмеркавання праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады на VI Усебеларускім народным сходзе.
Застаецца толькі дадаць, што па мерках гісторыі беларускае машынабудаванне, як галіна, зусім маладая. Таму безумоўныя поспехі яе дызайнераў, інжынераў, аўтаслесараў (насамрэч сапраўдных творцаў) заслугоўваюць несумненнай павагі. Бо ўсё пачыналася яшчэ ў 1944 годзе, калі ў зруйнаваным Мінску з машынакамплектаў, якія паступалі па ленд-лізу, збіраліся грузавыя аўтамабілі Ford, GMC, Chevrolet… Гэта ўжо была перамога на фронце адраджэння і далейшага ўздыму гаспадаркі Айчыны.
А годам раней на аўтазаводзе расійскага горада Горкі (Ніжні Ноўгарад) савецкія дызайнеры і канструктары пачалі працу над вытворчасцю легендарнай легкавой аўтамашыны пад сімвалічнай назвай “Победа”. Як нараджалася яна — у расповедзе вядомага навукоўцы.