“Прыгажосць — гэта яркае святло, якое азарае наваколле, пры гэтым святле табе адкрываюцца ісціна, праўда, дабро… Прыгажосць вучыць распазнаваць зло і змагацца з ім. Я б назваў прыгажосць гімнастыкай душы — яна выпроствае наш дух, наша сумленне, нашы пачуцці і перакананні. Прыгажосць — гэта люстэрка, у якім ты бачыш сам сябе і ў адпаведнасці з гэтым ставішся сам да сябе”, — наўрад маленькая Валя чытала кнігі Васіля Сухамлінскага, але падсвядома падтрымлівала думкі вядомага педагога.
Ёсць рэчы, якія не выходзяць з нашага ўжытку стагоддзямі. Напрыклад, ручнік. Сёння мы называем яго на рускі манер “палаценцам”, хоць нярэдка можна пачуць і папярэднюю назву. Абодва словы звязаны паміж сабой: рускае “полотенце”, відаць, утварылася ад слова “полотно”, а “ручнік”, або, як яшчэ гавораць, “рушнік” — ад “рушыць”, рваць. Такім чынам, гэта нібыта адарваны кавалак палатна.