Эцюд для саламянай віяланчэлі
Веру ў прадвызначанасць. Кажуць, яшчэ ў калысцы я шкуматаў газеты. Калі трошкі падрос, на мяне з кніжнай шафы пастаянна вывальваліся падшыўкі “ЛіМа”, “Настаўніцкай газеты” і “Маладосці”, якія гадамі выпісвала маці-педагог. А яшчэ потым я з піетэтам ставіўся да таго, што маці добра ведае Максіма Танка, які курыраваў напрыканцы 1950-х рэспубліканскія настаўніцкія нарады, а сястра-старшакласніца атрымлівае абласныя прызы за сачыненні ад Івана Шамякіна. Усё мне падавалася заканамерным. Як, зрэшты, і тое, што праз час мне давялося працаваць і ў “Настаўніцкай газеце”, і ў “ЛіМе”, і што завёў я добрыя знаёмствы з Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным і з многімі іншымі, што пры жыцці склалі гонар ды славу Беларусі.
Як казаў малапісьменны дзед Сцяпан: “Трапіў у макулатуру — круціся!” Пад словам “макулатура” меў ён на ўвазе слова “наменклатура”. Адно дакладна: на адкрытай журналісцкай прасторы кручуся як стары, але яшчэ не лядашчы вятрак. Веру ў прадвызначанасць дакладна. Усё, як адзін мой знаёмы музейшчык кажа: “Ёсць справа, вось я яе і раблю!”
Далей