Магілёўскі драматычны тэатр падрыхтаваў да дня Перамогі пяцідзённы марафон анлайн-трансляцый сваіх спектакляў на ваенную тэматыку. У розныя гады тут ставіліся “Ноч Гельвера”, творы Васіля Быкава, Віктара Астаф’ева, сучаснага гомельскага драматурга Васіля Ткачова. У цяперашнім сезоне, закрытым датэрмінова, трупа звярнулася да кнігі Святланы Алексіевіч “Апошнія сведкі” (гл. “К” № 45 за 2019 г.). Запіс гэтага спектакля разам з астатнімі быў выкладзены ў інтэрнэце акурат напярэдадні свята.
Фестываль “Еўрабачанне” прайшоў, але пераможцаў няма. Анлайн-шоу Europe shine a light аб’яднала артыстаў, песні і краіны для агульначалавечага паслання — падтрымка ўсіх пацярпелых у час пандэміі, падзяка медыкам, што змагаюцца за жыццё і здароўе людзей, заклік да надзеі і аптымізму, і, канешне, любоў да песні і да “Еўрабачання”. Упершыню ў гісторыі конкурс быў адменены, а быў ён юбілейны, 65-ты.
У красавіку ў галерэі “Art-Беларусь” праходзіла выстава гродзенскай мастачкі Дар’і Сямчук пад назвай “Сemra”. Назва адпавядае творчаму псеўданіму Дар’і, а той, у сваю чаргу, з’яўляецца выяўленнем яе жыццёвай філасофіі. Дар’я лічыць, што ў прыцемках чалавеку лягчэй быць самім сабой. Нікому не падабаецца, калі чужыя занадта пільна ўглядаюцца ў твар ці ў душу. Цемра бароніць.
Юрый Анатольевіч Зісер, адзін з галоўных стваральнікаў беларускай інтэрнэт-прасторы і медыя — гэтых фактараў, што радыкальна змянілі ўсё нашае жыццё, і культурную плынь у тым ліку, — пайшоў у вечнасць 17 траўня 2020 года, крыху не дачакаўшыся свайго 60-годдзя.