Юлія ШПІЛЕЎСКАЯ: “У мяне ў руках журавель, а не сініца”
“Мне падабаецца такая магія лічбаў і супадзенняў — у 2000-м я прыйшла ў Купалаўскі тэатр, у 2020-м пачаўся мой 20-ты сезон, і як падарунак да дня нараджэння, што быў 17 студзеня, я атрымала пачэснае званне заслужанай артысткі Беларусі”, — гаворыць актрыса і тэлевядучая Юлія Шпілеўская. На пачатку года на адну заслужаную артыстку ў нашай краіне стала болей. І асабліва прадстаўляць яе не трэба — не толькі тэатральнай публіцы, якая, канешне ж, сочыць за спектаклямі і Купалаўскага — роднага для Юліі тэатра, і за пастаноўкамі “Тэрыторыі мюзікла”, у якіх яна іграе і спявае, але і самай шырокай — бо многа гадоў Юлія Шпілеўская літаральна не пакідае экранаў тэлевізараў: вядзе ранішняе шоу на канале СТБ, вядзе вялікія фестывалі, напрыклад, “Славянскі базар у Віцебску”, і гэтак далей. Усмешлівая, пазітыўная, энергічная — такой яе ведаюць тэлегледачы. А тэатральныя ролі, вядома ж, бываюць розныя. Пра сцэну і жыццё мы гутарым з артысткай з нагоды такой прыемнай падзеі.