Метафізіка без спецэфектаў
Невялікі падвальчык мінскага “бара ili клуба” нечым нагадвае той тэатр “не для ўсіх, толькі для вар’ятаў”, куды выпадкова завітаў герой рамана Гесэ “Стэпавы воўк”. Далейшая дзея хіба ўмацоўвае гэтыя алюзіі. Спярша на шкляных дзвярах, якія замяняюць шырму ў тэатры ценяў, з’яўляюцца абрысы чалавечай фігуры, затым гучыць паэтычны тэкст пра сон усяго, што ёсць і ў гэтым свеце, і па-за ім. Тэатр, які стварае вядомы берлінскі рэжысёр Рыгор КОФМАН — і трывіяльны і ўзнёслы адначасова. Гэты тэатр нельга назваць ані авангардным, ані традыцыйным — ён, як падаецца, наогул не “ад гэтага часу”. Акцёр агучвае тэкст, музыканты граюць — здавалася б, што можа быць звычайней? І ніякіх эфектных сучасных прыёмаў! Тым не менш, метафізіка аўтарскага подыху гэтай дзеі, безумоўна, уласцівая, прычым дасягаецца яна надзвычай простымі сродкамі.