Прымус да творчасці?
Уявіце, што ў вашым жыцці супалі дзве акалічнасці: вы нарэшце даспелі да таго, каб змяніць кансерватыўны інтэр’ер вашага жытла на больш сучасны і камфортны, і ў вас з’явіліся “лішнія” грошы, якія можна скарыстаць на гэту справу. Пасля таго, як прынцыповае рашэнне па мадэрнізацыі побыту прынята, вы, хутчэй за ўсё, заглыбляецеся ў сеціва для пошуку ўзораў, здольных вас зацікавіць і натхніць. Наступная стадыя — выправа на будаўнічы рынак і ў салоны мэблі, каб набыць для матэрыялізацыі ўпадабанай вамі канцэпцыі канкрэтныя рэчы паводле каталогаў фірм-вытворцаў. Хтосьці робіць усё гэта сам, хтосьці даручае дасведчанаму адмыслоўцу, але сутнасна і працэс, і вынік ад гэтага не змяняюцца. Свой побыт мы звычайна кампануем з ужо гатовых элементаў. Мала хто замаўляе мастаку ці дызайнеру ўнікальную распрацоўку, аздабляе свой побыт рэчамі, што будуць існаваць у адным экзэмпляры. Прычым, не таму, што грошай не стае, бо яны ў дадзеным выпадку — другасны чыннік. Вызначальнымі тут з’яўляюцца стэрэатып мыслення, псіхалагічная арыентацыя на эстэтычны стандарт, на раскручаны брэнд.