Чалавек без пашпарту, які паспрыяў Багдановічу
Яшчэ стагоддзе таму знаёмства са знакамітай і паважанай асобай складана было пачаць без рэкамендацыйнага ліста. У сваю чаргу, такія лісты можна было атрымаць таксама толькі за пэўныя заслугі, праз свой аўтарытэт. У выніку будаваліся цікавыя стасункавыя ланцугі, разблытваць якія займальна і сёння. Днямі кандыдат архітэктуры, дацэнт кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Чырыкаў прэзентаваў у рамках выставы сваю кнігу — “Час, які спыніўся”. Пісаў ён каля 20 гадоў, а прысвечана выданне дзядулю аўтара — Яўгену Мікалаевічу Чырыкаву, прадстаўніку эпохі Сярэбранага веку, літаратурную спадчыну якога савецкая ўлада старанна хавала ад публікі цягам многіх гадоў. Сёння ж “чырыкаведы” сустракаюцца і ў Маскве, і ў Чарнігаве, і ў Сімферопалі. І, канешне ж, у Мінску, бо гэты горад стаў пэўнай вехай у біяграфіі Чырыкава.