Экспедыцыя ў зону
У маім архіве захоўваецца аркуш паперы з запісам 30-гадовай даўніны. 1 мая 1986 года была мая чарга несці вахту ў прыёмнай першага сакратара Мінскага абкама партыі Анатоля Малафеева. Прайшло пяць дзён пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, таму не здзівіла, калі зазваніла “вяртушка” і голас у трубцы прапанаваў запісаць інфармацыю аб радыяцыйным фоне: “Салігорск — 0,07 мілірэнтген; Любань — 0,08; Мінск — 0,025; Пухавічы — 0,025”. Пазней, 17 кастрычніка 1990 года, прачытаў у “Праўдзе”, што 1 мая 1986 года радыяцыйны фон у Мінску быў 0,06 мілірэнтген — амаль у два з паловай разы большы за той, пра які мне паведаміў голас у слухаўцы. Зрэшты, у 1986-м, прызнацца, мне мала што казалі гэтыя мілірэнтгены. Разбірацца я ў іх стаў, калі ў 1991 — 1995 гадах узначальваў Дзяржаўную гісторыка-культурную экспедыцыю па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і нямала патаптаўся па забруджанай зоне з дазіметрам.