Пытанне ў стратэгіі
Дзень беларускага кіно сёлета адзначаць сапраўды цікава. І не з аглядкай на мінулае, а са спадзевам на будучыню. Таму што гэта надзея з’явілася. Не з запускам новага кінапраекта, а з прыходам новага пакалення ў кіно. Маладых людзей, якія гараць запалам здымаць, рушыць кіно наперад, і якія нават маюць нядрэнны вопыт яго стварэння. Вядома, тое пакаленне стала бачным дзякуючы адмысловым кінапляцоўкам — фестывалю “Cinema Perpetuum Mobile”, “Бульбамуві” і, вядома ж, “Лістападу”. І менавіта апошні зрабіў плеяду новых беларускіх аўтараў больш заўважнай для шырокага кола гледачоў, прадставіўшы іх творы на вялікім экране. Тлустым плюсам форуму стала і правядзенне “круглага стала”, прысвечанага праблемам беларускага кіно, агучыць якія папрасілі тых самых маладых кінематаграфістаў. Меркаванні, якія прагучалі на сустрэчы, мне падаецца важным падаць зараз, напярэдадані святочнай даты. Бо, у рэшце рэшт, мы можам казаць пра беларускае кіно ў момант яго трансфармацыі. Але ці адбудуцца пэўныя змены і зрухі ў станоўчы бок, каб развіваць гэты рух далей, пытанне адкрытае.