Sacrum et profanum Будслаўскага фэсту
Нематэрыяльная культурная спадчына выклікае ў нас устойлівыя асацыяцыі з вышыванкамі, карагодамі і рамёствамі. Без сумневу, такое разуменне — няпоўнае. У якасці элемента НКС можна разглядаць любую праяву духоўнай дзейнасці народа, якая стала жывой традыцыяй. Таму наўрад ці выпадае здзіўляцца, што першым беларускім унёскам у прэстыжны Рэпрэзентатыўны спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO можа стаць фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай у Будславе. Асабліва гэта не здзівіць тых, хто сам наведаў невялічкае мястэчка на Міншчыне наконадні першай суботы ліпеня. У іншы сусветны спіс НКС, дзе ўжо прадстаўлены наш абрад “Цары”, Будслаўскі фэст, падобна, не патрапіць ніколі. Больш за дзесяць тысяч пілігрымаў, што сабраліся надвячоркам 3 ліпеня ля прыгожага барочнага касцёла, красамоўна засведчылі, што гэтай традыцыі не патрэбна “тэрміновая абарона” — яна жыве, квітнее і спакваля развіваецца.