Мінус 10 мільёнаў
Лозунг “Больш імпрэз, добрых ды розных!” і пагэтуль актуальны для беларускага культурнага жыцця, нягледзячы на прыкметныя станоўчыя зрухі. Ад каго залежыць яго ўвасабленне, таксама зразумела — найперш ад пасіянарных індывідуумаў. Такіх, як, напрыклад, кіраўнік знакамітага “ІнЖэсту” Вячаслаў ІНАЗЕМЦАЎ. Яшчэ на пачатку тысячагоддзя ён прыйшоў да высновы, што ў Мінску абсалютна неабходны свой рэгулярны фэст пластычных тэатраў. І вось, такі фэст у Мінску з’явіўся, хай не адразу і не з першай спробы. Форум “ПлаSтформа” сёлета прайшоў ужо ў трэці раз і, як падаецца, “дапубертатны перыяд” паспяхова пераадолены. Канкурэнтаў у яго няма, і таму некаторыя беларускія пастаноўкі робяцца спецыяльна для фэсту і адразу пасля прэм’еры становяцца “здабыткам гісторыі”, а не актуальнага працэсу. Падобных лакунаў у культурным жыцці і дасюль можна знайсці нямала, але пасіянарыяў на кожную з іх пакуль яўна не хапае. Ёсць тут, напэўна, і аб’ектыўныя прычыны… Мы папрасілі Вячаслава Іназемцава распавесці, што азначае быць арганізатарам недзяржаўнай і некамерцыйнай па сваёй сутнасці культурнай ініцыятывы ў цяперашніх беларускіх варунках.