Штрых-код №6
Галерэя “Шостая лінія”, без якой немагчыма ўявіць беларускае мастацкае жыццё 1990-х, знікла, з аднаго боку, занадта даўно і, з іншага, зусім нядаўна, каб ператварыцца ў прывабны аб’ект для аматараў “арт-палеанталогіі”. Але здарылася нечаканае: праз шаснаццаць (!) гадоў пасля свайго закрыцця гэты “выкапень” стаў адкопвацца сам! Міжнародны фестываль “Suma Sumarum”, які сінхронна прайшоў у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Цэнтры сучасных мастацтваў, стаў адной з самых запамінальных сёлетніх падзей у катэгорыі, заяўленай у назвах абедзвюх устаноў. З куратаркай фэсту Ірынай БІГДАЙ мы дамовіліся “на дыктафон” абмеркаваць яго вынікі. Па ейнай прапанове, наша гутарка была спалучана з адкрытай фінісажнай дыскусіяй. Маўляў, яна ўсё адно не збярэ багата ўдзельнікаў, тым больш, яе вырашылі нават адмыслова не рэкламаваць. Тым не менш, без адмысловых запрашэнняў у гутарцы пра лёс мастацкага дыскурсу, які рэпрэзентуе галерэя, узялі ўдзел прафесар Эксэтэрскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) Нэлі БЕКУС, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША) Ігар МАЛЕВІЧ, а таксама мастакі, прынамсі, двух датычных да “Шостай лініі” пакаленняў, Віталь ЧАРНАБРЫСАЎ, Віктар ПЯТРОЎ, Ігар САЎЧАНКА, Антон СЛЮНЧАНКА і Сяргей ЖДАНОВІЧ.