Этна “вымываецца” за мяжой. А ў нас?..
Юрый ВЫДРОНАК — фігура знакавая для нашай фольк-рок-музыкі. У 1992 годзе ён быў адным са стваральнікаў гурта “Палац” і стаў яго мастацкім кіраўніком. У 1996-м, у рамках фольк-мадэрн-студыі “Палац” ініцыяваў нараджэнне на свет трыа “Kriwi”, а ў 1999-м і з’явіўся той самы калектыў “Ur’ia”, у якім Выдронак нарэшце цалкам змог рэалізоўваць менавіта свае задумкі. З 2000 года артыст з’яўляецца арганізатарам мінскіх фестываляў “Таўкачыкi на Юр’я”, чарговы з якіх пройдзе 23 красавіка. І ўяўляць з сябе ён будзе не, як звычайна, набор канцэртных нумароў (сярод удзельнікаў фэсту — гурты “Ветах”, “Альтанка”, “Бан-Жвiрба”, “Хоха бэнд”, Наталля Матыліцкая ды іншыя), а сапраўднае шоу. Напрыклад, адбудзецца рэканструкцыя абраду “Юр’я”, для чаго з Любаншчыны прывязуць выпечаны каравай.