А "сіта" для сублімацый бракуе...
Мяркуючы па водгуках у медыяпрасторы, у рэстаўрацыі ў нас разбіраюцца не раўнуючы ўсе — за выключэннем архітэктараў-рэстаўратараў. Іх працу крытыкуюць, карыстаючыся крытэрыем “падабаецца/не падабаецца”. Болей за тое — нехта ўвогуле сумняваецца ў іх існаванні! І рэдка даюць слова ім самім. І таму калі архітэктар-рэстаўратар Вадзім ГЛІННІК (адзін з нешматлікіх на Беларусі спецыялістаў, якія маюць дыплом міжнароднага ўзору) выказаў задуму правесці “круглы стол”, мы пагадзіліся без ваганняў. Думалася, для прадстаўнікоў прафесіі гэта будзе магчымасць абараніць “гонар мундзіра” ад прыдзірлівай і неміласэрнай грамадскай крытыкі. Аднак “носьбіты” апошніх такой магчымасцю не скарысталіся. Гутарка ад пачатку і да канца вялася зусім пра іншае — пра тыя праблемы, якія сустракае прафесіянал у сваёй дзейнасці. Так, ізноў пра праблемы — фактычна, пра тыя самыя, што ва ўсіх на слыху. Але ўдумлівы падыход да справы сведчыць: гэта зусім не тыя праблемы, якія вырашаюцца проста. Метады а-ля “забраць ды падзяліць” наўрад ці тут прымальныя. Удзел у “круглым стале” ўзялі архітэктары-рэстаўратары розных пакаленняў: Аляксандр КАНАВАЛЕНКА, Галіна ЛЕВІНА, Раман ЗАБЕЛА, Валянціна СМЯЯН. Мадэратарам выступіў рэдактар аддзела “К” Ілья СВІРЫН.