Бібліятэка, якую нельга зачыніць?
У Расіі днямі прайшла акцыя “Адкрытая бібліятэка”. У сталічнай бібліятэцы імя Маякоўскага, што не зачынялася да ночы, сабраліся папулярныя пісьменнікі, акцёры, футбалісты, іншыя медыйныя персоны… Арыгінальнымі і нестандартнымі, мяркуючы па інтэрнэтаўскіх “выкладках”, былі не толькі пастаноўка паводле Чарнышэўскага “Што рабіць?” ды джазавыя імправізацыі паміж кніжных стэлажоў. Асабіста ў мяне выклікала цікавасць выступленне аднаго з самых папулярных празаікаў — Захара Прылепіна, аўтара раманаў “Санькя”, “Паталогіі”, якімі захапляюцца цяпер не толькі ў Расіі.
А казаў пісьменнік, якому не споўнілася і сарака, пра тое, што ён выступіў ці не ў сотні расійскіх бібліятэк і перакананы: яны не маюць патрэбы ў эвалюцыі ці рэвалюцыі. (Меў ён на ўвазе хутчэй гарадскія бібліятэкі, бо прыкладаў яго візітаў у сельскія я так і не знайшоў.) Бібліятэкам, па перакананні Прылепіна, патрэбна толькі грашовая падтрымка. Маўляў, што рабіць далей, яны і самі цудоўна ведаюць.
І яшчэ адна адмысловая сумесная думка, выказаная пад час “круглых сталоў” “Адкрытай бібліятэкі”: трагедыя ў Бірулёва здарылася мо і таму, што з бібліятэкамі ў гэтым маскоўскім раёне — напружана.
“К”, усведамляючы надзённасць узнятай тэмы, вырашыла пад час працы Мінскага Міжнароднага кангрэсу “Бібліятэка як феномен культуры” яшчэ раз звярнуцца да нашых бібліятэкараў і чытачоў з даўно вядомым ужо пытаннем: “Якой павінна быць бібліятэка, каб яе немагчыма было зачыніць?”. І вось што атрымалася…