Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства
“…Мяне пасадзілі на задняе сядзенне закрытага фургона, і я паняцця не меў, у які бок мы едзем, — пісаў журналіст. — Упэўнены, каб канчаткова збіць мяне са следу, кіроўца зрабіў пару-тройку лішніх кругоў. Ці, быць можа, на нашым шляху тройчы сустрэліся цалкам аднолькавыя калдобіны са жвірам на дне? Зрэшты, кірунак мяне не павінен цікавіць: такія правілы гульні, з якімі я пагадзіўся. <...> З іншага боку, іх можна зразумець: калі я выпадкова рассакрэчу адрас той установы, куды мяне прывезлі, сюды рынуцца сотні ці нават тысячы маіх калег. Дзіва што: у доме састарэлых для асабліва важных персон, пабудаваным па асабістым указанні старшыні КДБ Семічаснага яшчэ ў 1963 годзе, пражывае нямала людзей, знаёмых з самымі пякучымі таямніцамі савецкай улады. <...> Ёсць сярод іх і тыя, хто даўным-даўно лічыцца ў памерлых. Асаблівым шыкам у іх лічыцца павесіць над ложкам фотаздымак уласнай магілы і некралогі на сябе. Большасць “нябожчыкаў”, якія пражываюць тут, “пахаваны” на Новадзявочых могілках. Але ёсць двое, чый “прах” спачывае ў Крамлёўскай сцяне…