Калі разам збіраюцца мэтры...
Першае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў краіны адбылося ў абноўленым Мірскім замку. У старажытныя муры прыбыло больш за пяць дзясяткаў вядомых дзеячаў культуры і мастацтва — сапраўдных мэтраў і прафесіяналаў, якія ведаюць праблемы ў сваёй сферы знутры. Яны здатныя адчуць той самы творчы нерв сучаснай беларускай культуры і прапанаваць свае варынты адказу на актуальныя пытанні сферы культуры, што патрабуюць вырашэння на высокім дзяржаўным узроўні. Каб скараціць шлях ад творцаў да ўладных структур, і быў створаны Рэспубліканскі савет.
Да пачатку афіцыйнага мерапрыемства творчая інтэлігенцыя атрымала магчымасць прайсціся па залах, якія не так даўно адкрылі свае дзверы турыстам. Пад час імправізаванага падарожжа праз стагоддзі гісторыі замка майстры культуры ацанілі працу рэстаўратараў і пазнаёміліся з новымі музейнымі экспазіцыямі.
І ўжо тады, у час своеасаблівага азнаямленчага “тура” па знакавым аб’екце, госці замка абмяркоўвалі сам факт стварэння такога кансультатыўнага органа, як Савет па справах культуры і мастацтва. Гэта і сапраўды, адзначылі яго члены, сусветны падыход да развіцця духоўнай сферы жыцця грамадства. Невыпадкова прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны з самага пачатку актыўна ўключыліся ў працу Савета. За тры гадзіны абмеркавання яны абазначылі шэраг наспелых праблем і магчымыя шляхі да іх вырашэння.
Распачаў пасяджэнне сваім словам старшыня Савета — міністр культуры Павел Латушка. Усе прысутныя ў канферэнц-зале замка маглі ў рамках дыскусіі агучыць сваё бачанне далейшай працы новай кансультатыўнай структуры і прапановы па развіцці айчыннай культуры. Вось што сказаў, у прыватнасці, міністр культуры, адкрываючы першае пасяджэнне.