“Сіндром турцэнтра” нібы не праяўляецца, але...
Працуючы з картай над падрыхтоўкай маршруту, прыходзіш да дзіўнай высновы: па волі лёсу і людзей, ацалелыя гісторыка-культурныя цікавосткі размешчаны на Беларусі досыць кампактна, утвараючы своеасаблівыя турыстычныя зоны, якія ўжо самі сабою натхняюць на ідэі маршрутаў і паслуг. Ды, на жаль, пакуль гэта — толькі ідэі. Брычку, што вязе экскурсантаў з адной шляхецкай сядзібы ў суседнюю, на беларускіх дарогах не сустрэнеш. Адпаведна, наяўнасць помнікаў спадчыны не надта ўплывае на жыццё і дабрабыт тых мясцін, дзе яны знаходзяцца. Хаця ў перспектыве ўплыў можа (і павінен) быць вызначальным. Уласна, гэта адна з прычын, па якой беларуская дзяржава надае такую ўвагу развіццю турызму. Агледзеўшы ў першыя дні велатура толькі некаторыя з адметнасцей аднаго такога “анклаву”, размешчанага на захад ад Камянца, рушылі да іншага — Пружанскага. Але перад гэтым, натуральна, не абмінулі ўвагай і знакаміты “Камянецкі слуп”.