Хатняе заданне для гледачоў
Сёлета зіма ў прыродзе і ў тэатральным жыцці на Беларусі прыйшла “паралельна”: у той жа дзень, калі ў сталіцы выпаў першы ў гэтым годзе “сапраўдны” снег, на малой сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля “Зіма” Яўгена Грышкаўца ў пастаноўцы маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай. Кожнае з гэтых прозвішчаў магло б і паасобку заінтрыгаваць тэатралаў, для якіх асоба Грышкаўца з’яўляецца ці не сінонімам сучаснага аўтарскага тэатра, а Кацярына Аверкава ўяўляе сабой прадстаўніка той часткі пакалення “маладых беларускіх тэатралаў”, якія не стогнуць аб уласнай незапатрабаванасці, а мэтанакіравана набіраюць “мышачную масу” ў прафесіі. Як? Ставячы спектаклі. Удвая заманліва было ўбачыць гэткі творчы кактэйль на сцэне Купалаўскага тэатра. Спрактыкаваныя крытыкі ішлі на прэм’еру, пралічваючы ў галаве варыянты таго, што ж яны ўбачаць на сцэне. Ды толькі, што заўсёды прыемна для аўтараў спектакля, — пралічыліся.