Цырк не перастане здзіўляць...
Зусім нядаўна, 2 снежня, Гомельскі дзяржаўны цырк сустрэў сваё 35-годдзе. Яго будынак быў узведзены ў 1972 годзе і адразу стаў адным з пазнавальных сімвалаў Гомеля, месцам неаслабнага прыцягнення для дзяцей і дарослых.
Зрэшты, традыцыі цыркавога мастацтва ў горадзе над Сожам сягаюць у ХІХ стагоддзе. Яшчэ ў 1890 г. на месцы Коннай плошчы прадпрымальнік Слобадаў фундаваў першы, драўляны будынак цырка. У ім выступала нават японская прыдворная трупа Ямасакі-сан, дэманстраваў “Рускі Калізей” знакаміты Ф.Дураў... Як распавядае генеральны дырэктар і мастацкі кіраўнік Гомельскага дзяржаўнага цырка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Якаў Лабовіч, першая ў свеце жанчына-ілюзіяністка Амела Дароццы (Клара Карасік) была родам з Гомеля, як і першы выканаўца трайнога сальта Павел Мар’янкоў, і Анатоль Вязаў, які ўпершыню асвоіў скачок з-пад купала на гумавых канатах.