Не трэба нам бераг турэцкі
Гэты куточак Віцебшчыны — унікальны. Не па ўрадлівасці глебы, а па харастве прыроды і багацці гісторыка-культурнай спадчыны. Ледзь не 70 працэнтаў тэрыторыі Расонскага раёна займаюць лясы. Дзве сотні азёраў і рэчак — як дыяменты ў аправе старасвецкіх бароў. Таму праект развіцця сельскага турызму назвалі тут “Блакітныя каралі Расонаў”. Маршрут злучыў два мясцовыя заказнікі — Чырвоны Бор і Сіньшу, уключыў не толькі прыродныя, але і культурна-гістарычныя адметнасці. Ініцыятыву старшыні Расонскага райвыканкама Пятра Пяткевіча падхапілі работнікі мясцовага аддзела культуры і ўладальнікі сялянскіх сядзіб. А 9 — 10 чэрвеня ў вёсцы Забор’е прайшлі трэці фестываль сельскага турызму “Заборскі фэст”, святы паляўнічых і рыбакоў, а ў час семінара-лабараторыі быў абагульнены раённы досвед турызму, назапашаны за тры гады.