Станоўчая ацэнка – і заклік працаваць эфектыўней
Выязныя калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сталі ўжо добрай традыцыяй. Калі мінулая з іх, што адбылася ў 2006 годзе на Віцебшчыне, была паклікана акрэсліць задачы работнікаў культуры ў рэчышчы глабальнага абнаўлення жыцця беларускай вёскі, дык сёлета прыспеў час падводзіць пэўныя “прамежкавыя” вынікі. І гэта было адлюстравана ўжо ў самой назве калегіі, якая прайшла 3 мая: “Аб рабоце ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама па выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады”.
Да гэтага своеасаблівага экзамена сваёй працы ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама падрыхтавалася дбайна і старанна. Удзельнікі калегіі атрымалі важкія пакункі з багатым інфармацыйным матэрыялам аб сучасным стане культуры Прыдняпроўя, а непасрэдна перад пачаткам пасяджэння была разгорнута сапраўдная выстаўка яе дасягненняў. У скарбонку даробкаў работнікаў культуры Магілёўшчыны, дарэчы, варта дадаць яшчэ адзін: яны ўмеюць сябе належна прэзентаваць, што па сённяшінім часе немалаважна.
Зрэшты, адной толькі гэтай здольнасці ім было б замала, каб годна вытрымаць сур’ёзны іспыт, падчас якога ацэньвалася больш як двухгадовая праца па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы. Станоўчая ацэнка дзейнасці ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, дадзеная падчас калегіі, перадусім абумоўлена штодзённай рупнасцю работнікаў культуры краю на чале з Анатолем Сінкаўцом.